Служба штодзённага камфорту

Вальшчыкі лесу Алег Македановіч і Раман Антанюк.
Дыспетчар Ігар Максімчык
і майстар Аляксандр Саракавік.
Партрэт сталяра Юрыя Семчанкі занесены на раённую Галерэю славы.

Калі райцэнтр яшчэ спіць, пра парадак у горадзе ужо клапоцяцца адказныя за чысціню –  работнікі ўчастка добраўпарадкавання (начальнік Уладзімір Несцяровіч) жылкамунгаса. Гэта яны ствараюць утульнасць на дваровых тэрыторыях, прыпынках гарадскога аўтобуса, клапоцяцца пра паркі, скверы, газоны. Менавіта яны ў першых радах тых, хто дае дастойны адпор моцным снегападам ці галалёдзіцы. Вясновае ўпрыгожванне гарадскіх вуліц кветкамі, якія вырошчваюцца ва ўласнай цяпліцы, – таксама справа рук камунальнікаў.
Сёння ў Ляхавіцкай ЖКГ працуюць амаль паўтысячы чалавек, якія ўмеюць зрабіць літаральна ўсё з камунальна-бытавога раскладу. Калі ўзнікае ацяпляльна-водна-каналізацыйная праблема, то на выклік выязджае аварыйна-тэхнічная служба (дарэчы, у сярэднім за суткі бывае 10-15 выездаў) – своеасаблівая хуткая тэхнічная дапамога. Пра-рвала водаправод, перагарэлі лямпачкі ў пад’ездзе, патрабуецца рамонт сантэхнікі – з гэтымі і шматлікімі іншымі заяўкамі ў службу, дзе працуюць 14 чалавек, звяртаюцца грамадзяне. Юрый Дубіна, які шмат гадоў узначальвае ўчастак, сярод лепшых называе дыспетчара Ігара Максімчыка і майстра Аляксандра Саракавіка.
Суперпадраздзяленне – так лаканічна ахарактарызаваў работу кацельнай гаспадаркі дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі. Ацяпляльны сезон 2018-2019 гадоў хоць яшчэ і не завяршыўся, але відавочна: перазімавалі спакойна. Каб спажыўцам было цёпла дома і на працоўных месцах, работнікі кацельнай гаспадаркі рамантавалі, зрабілі прафілактыку і прамыўку труб, назапасілі мясцовыя віды паліва (каля 18 тысяч кубаметраў дроў). Як вынік, не было значных аварыйных парываў цеплатрас, перабояў з падачай цяпла ў кватэры гараджан і вяскоўцаў.
– Галоўная задача нашага вялікага калектыву, колькасць якога ў зімовы перыяд дасягае 140 чалавек, – бесперабойная работа 24 кацельняў (чатыры з іх гарадскія), – гаворыць начальнік участка Мікалай Плаўскі. Работнікі кацельнай гаспадаркі ўжо ў сакавіку пачалі падрыхтоўку да наступнага сезона. Замена цеплавых сетак у аграгарадку Дарава, вёсцы Дарава-Чыж, на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, капітальны рамонт шасці катлоў, перавод кацельні ў аграгарадку Навасёлкі ў аўтаматычны рэжым – толькі частка запланаванага на сёлета.
У аснове паспяховай работы – адказнае выкананне прафесійных абавязкаў. Гэта і пра вопытных майстроў Юрыя Жыжу, Дзяніса Сакуця, Сяргея Канцэлярчыка, газаэлектразваршчыка Дзмітрыя Еўхача, электраманцёра Мікалая Бортніка.
Каб і вечарам у горадзе было светла, як днём, клапоцяцца работнікі энергетычнай службы. Сваю справу ведаюць і тыя, хто працуе на ўчастках аўтатранспарту, рамонтным, саначысткі, водазабеспячэння. Шматпрофільны камунгас пашырае спектр сваіх па-слуг. Яшчэ нядаўняя навінка – будаўніцтва – трывала заняла сваю нішу. І з кожным годам колькасць аб’ектаў, дзе камунальнікі будуюць і рамантуюць самі, павялічваецца.
Запатрабаваныя камунгасаўскія лазня, пральня і іншыя бытавыя паслугі, у тым ліку цырульніка, майстроў па манікюры і педыкюры, швачак.
Райжылкамунгасаўскі ўчастак-старажыл – гасцінічная гаспадарка. Госці Ляхавіччыны з камфортам адпачываюць у двухзоркавым «Эдэльвейсе».
У камунальна-бытавой службы вялікі патэнцыял для ўдасканалення. Над гэтым, як запэўнілі ў ЖКГ, тут працуюць без выхадных – у кругласутачным рэжыме.

ФАКТ

Дарэчы, больш зручным жыццё сваіх землякоў робяць і 14 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць на тэрыторыі раёна бытавыя паслугі. Цырульнікі, майстры педыкюру і манікюру, абутнікі, швачкі, аўтарамонтнікі арганізавалі сваю справу.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У будаўнічай брыгадзе – Аляксандр Касумаў, Наталля Лойка, Юлія Душэўская, Віктар Гатоўчыц.