Візуалізацыя ад медыкаў. У раённай медыцыне актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя метады дыягностыкі

Як бы ні развівалася медыцына, якія б методыкі і тэхнічныя навінкі ні з’яўляліся, усё ж многае застаецца класічна неабходным і нязменным. Профільны занятак гэтых людзей у белых халатах дазваляе без праблем заглянуць унутр чалавека, пры тым зусім бясшкодна і бязбольна. УГД унутраных органаў даўно і па праве стала найбольш папулярным сярод дыягнастычных метадаў. Пазнаёмімся бліжэй з гэтым меднапрамкам у райбальніцы і з галоўнымі дзеючымі асобамі аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі.

У Ляхавіцкай ЦРБ да 2014 года функцыянаваў толькі кабінет УГД, сёння гэта паўнацэннае аддзяленне, якое ўзначальвае вопытны ўрач, аўтарытэтны і кваліфікаваны спецыяліст, добразычлівы чалавек Аляксандр Літвіненка.
І хоць у аддзяленні ўсе профі – універсалы і ў любы момант могуць падмяніць адзін аднаго, у кожнага ўсё ж ёсць свой участак работы.
Аляксандр Мікалаевіч перакананы, што ў руках урача ўльтрагукавы апарат – незаменны інструмент, каб дыягнаставаць хваробу, прызначыць лячэнне, выявіць любыя змяненні, якія не бачны воку чалавека. Яго асноўная спецыялізацыя – УГД органаў брушной поласці, нырак, мачавога пузыра, гінекалагічныя і акушэрскія даследаванні. Акрамя гэтага, у аддзяленні ёсць магчымасць зрабіць нейрасанаграфію – даследаванне галаўнога мозга дзіцяці.
Увогуле ўльтрагукавыя даследаванні ў райбальніцы выкарыстоўваюцца вельмі актыўна – прыёмы ўрачоў распісаны. І яшчэ акалічнасць: непрацоўны час для аднаго з трох урачоў аддзялення застаецца… працоўным, і дзяжурны ўрач па выкліку гатовы прыехаць, каб аказаць «ультрагукавую дапамогу».
За справы сардэчныя адказвае ў аддзяленні кампетэнтны ўрач ультрагукавой дыягностыкі Святлана Бондар. Яна ў хвіліны візуалізуе сэрца, вымерае яго размеры, таўшчыню сценак, ацэніць стан клапаннага апарату і буйных сасудаў, дыягнастуе другасныя змены пры розных захворваннях і г.д. У яе справе не можа быць недакладнасцяў і прыблізнасцяў – індывідуальны падыход да кожнага сардэчка, уважлівасць дазваляюць урачу беспамылкова дыягнаставаць захворванне. Толькі за мінулы год эхакардыяграфію зрабілі 2410 чалавек. Акрамя таго, каб раней заўважыць сардэчныя захворванні, устанавіць наяўнасць паталогіі, прыроджаныя парокі, ультрагукавое даследаванне сэрца праходзяць усе дзеці шасцігадовага ўзросту.
І хоць Сяргей Памазанскі многім землякам вядомы як загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі, ультрагукавая дыягностыка яго цікавіць не менш. Сёння Сяргей Уладзіміравіч урач гэтага аддзялення па сумяшчальніцтве. Ён прафесійна валодае тэхнікай правядзення УГД малочнай залозы, мяккіх тканак сасудаў ніжніх канечнасцяў і шыі. Апошняе надзвычай важнае даследаванне, дзякуючы якому выяўляюцца прадвеснікі інфаркту галаўнога мозга. Рэнтгеналогія дазваляе бачыць органы на медыцынскім здымку, а УГ-даследаванні – змяненні, якія адбываюцца ў іх, тлумачыць урач Памазанскі.
Дарэчы, як адзначыў галоўны ўрач райбаль-ніцы Яўгеній Хлябовіч, УГД праводзяць таксама акушэры-гінеколагі, тэрапеўты і ўрачы агульнай практыкі.
Ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы праводзіць у райбальніцы вопытны ўрач-эндакрынолаг Вольга Барташэвіч. Летась на яе рахунку было 1274 даследаванні.
З васьмі раніцы да васьмі вечара ў гэтым аддзяленні людна. Не дзіўна: тут прапаноўваюць дыягностыку органаў па 25 накірунках. У мінулым годзе ўрачы аддзялення правялі больш за 30 тысяч ультрагукавых даследаванняў. Немагчыма ўявіць зладжаную работу гэтай медструктуры райбальніцы без клапатлівых медсясцёр Таццяны Гурман і Жанны Калбаса, санітаркі Вольгі Несцяровіч.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.