Рэгіёнам патрэбна актыўнае развіццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў Баранавіцкі раён, дзе сустрэўся з актывам раёна і горада Баранавічы.
На сустрэчы Прэзідэнт падкрэсліў, што Баранавічы адыгрываюць важную ролю ў транспартнай інфраструктуры Беларусі. Ён адзначыў, што Баранавіцкі раён – адзін з буйнейшых у Брэсцкай вобласці, таму да яго асаблівая ўвага. У мінулым годзе тут выраслі аб’ёмы прамысловай вытворчасці, экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі. Пры гэтым узровень беспрацоўя захоўваецца адносна нізкім.
У бягучым годзе, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, у раёне трэба будзе мабілізаваць усе рэсурсы, каб дасягнуць новага ўзроўню развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Для гэтага, на яго думку, усё ёсць. «Трэба значна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў (гэта самае галоўнае) і вельмі важна стварыць новыя рабочыя месцы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць Прэзідэнт агледзеў лыжаролерную трасу ў аграгарадку Мір. Гэты аб’ект не выпадкова ўключаны ў план паездкі Кіраўніка дзяржавы. У мінулым годзе ў адным з рэпартажаў на беларускім тэлебачанні расказалі аб праблемах з экіпіроўкай у аддзяленні біятлона СДЮШАР Баранавіцкага раёна. Прэзідэнт убачыў гэты сюжэт і даручыў вырашыць пытанні. А праверыць, як выканана яго даручэнне, прыехаў асабіста.

Сацыяльны камфорт грунтуецца на эканоміцы

«Трэба старацца заваёўваць давер людзей. Тым больш у гэтыя два гады, калі мы будзем здаваць экзамен. Людзей крыўдзіць ні ў якім разе нельга, але і ўводзіць у зман іх таксама нельга. Трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды», – падкрэсліў беларускі лідар. Ніхто не ўтойвае той факт, што ў наступныя два гады – напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў – будзе весціся напружаная работа, дадаў Кіраўнік дзяржавы: «Але будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасля перадвыбарнай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных падзей, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыццё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і не будзе!».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўважліва азнаёміўся са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў час «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». Да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён Кіраўнік дзяржавы даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост цэн. «Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў Кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы», – заявіў беларускі лідар. «Цэны, выплата зарплат, рабочыя месцы і памер заработнай платы і пенсій», – пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.
Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая ў цэлым задавальняла б работнікаў, але часам не заўсёды яна выплачваецца ў тэрмін. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці па стане на 1 сакавіка апошняй абазначанай праблемы няма.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходны ініцыятыва і намаганні на месцах. «Вырабіў тавар – прадаў – плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння «шалтай-балтай» працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у некага грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!» – заявіў ён.
Прэзідэнт даручыў да 1 верасня 2020 года выйсці на сярэднюю зарплату ў Ба-ранавіцкім рэгіёне ў памеры Br1 тысячы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў параўнанні з Аршанскім раёнам, аднаўленнем і развіццём якога цяпер актыўна займаюцца, у Баранавічах сітуацыя значна лепшая: «У вас няма гэтай катастрофы, але адсюль не меншая праблема, таму што прамысловасць тут, напэўна, разы ў тры больш маштабная, чым у Оршы».
«Галоўнае – гэта прадпрыемствы: сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту… Мы павінны мець на кожным прадпрыемстве план развіцця, асновай якога з’яўляецца мадэрнізацыя і ўдасканаленне ўсіх працэсаў і выхад на больш высокі ўзровень», – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу на кадры, на адказнасць кіраўнікоў на месцах.
Тым, хто аб’ектыўна трапіў у складаную сітуацыю, будзе аказана падтрымка, запэўніў Кіраўнік дзяржавы: «Калі я сапраўды ўбачу, што вы ў складаную сітуацыю трапілі, мы, вядома ж, вам дапаможам у гэтым плане. Але калі гэта расхлябанасць і непарадак, калі нехта на месцах – кіраўнікі і калектыў – не варушыцца, вы не разлічвайце, калі ласка, на тое, што Прэзідэнт у некага забярэ, а вам нешта дасць».
Аналагічна падтрымка і фінансаванне будзе выдзяляцца на перспектыўныя праекты.

Выкарыстаць патэнцыял

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць актыўнага развіцця рэгіёнаў і выраўноўвання сацыяльна-эканамічных умоў у параўнанні з буйнымі рэгіянальнымі цэнтрамі і сталіцай.
«Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах», – падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, перш за ўсё стаіць задача развіць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў ва ўзроўні жыцця насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый. «Для таго, каб тут дзеці вашы і ўнукі жылі, трэба стварыць умовы. Умовы не горшыя, чым у лепшых месцах нашай Беларусі. І перад намі стаіць задача перш за ўсё развіць эканоміку рэгіёнаў, каб былі рабочыя месцы і была зарплата для людзей», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Вялікі эканамічны патэнцыял Кіраўнік дзяржавы бачыць у сельскагаспадарчай галіне: «Лён вырабляем, малако… Сёння няма такой на нафце рэнтабельнасці. Таму можна жыць і працаваць. І некаторыя фермерскія гаспадаркі, якія ў нас займаюцца бульбай, цыбуляй і іншымі агародніннымі культурамі (і не толькі агародніннымі), маюць добрыя заработкі і добрую рэнтабельнасць. На зямлі, вядома, мільярдэрам і, можа, нават мільянерам не станеш, але калі добра працаваць, можна нармальна жыць».
Трэба аналізаваць рынкі і арыентавацца на тыя віды прадукцыі, якія найбольш запатрабаваны, адзначыў Прэзідэнт. Акрамя таго, у сувязі з кліматычнымі змяненнямі, што адбываюцца ў Беларусі, з’яўляецца магчымасць вырошчваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Брэсцкай вобласці і Баранавіцкім раёне шмат незапатрабаваных зямель – уздоўж рэк, вакол населеных пунктаў, і даручыў за два гады прывесці іх у парадак.
Прэзідэнт звярнуў увагу мясцовай улады на неабходнасць рацыянальнага падыходу да перапрацоўкі смецця.
Яшчэ адна праблема, на якую скардзяцца мясцовыя жыхары, – якасць дарог. Даручэнне Прэзідэнта канкрэтнае: на працягу двух гадоў прывесці ў парадак дарогі ў Баранавічах і за межамі горада. «Людзі правільна абураюцца. Пазаўчора зрабілі дарогу – яна развалілася. Гэта не толькі настрой людзей, гэта іх матэрыяльны дабрабыт – амаль у кожнага ёсць аўтамабіль. Увядзіце жалезабетонную практыку: пабудаваў дарогу, будынак і іншае – гарантыйны тэрмін. Калі нешта здарылася – ідзі і рабі за свой кошт», –запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе таксама ішла размова пра жыллёвае будаўніцтва і навядзенне парадку. Прэзідэнт падкрэсліў, што парадак у гарадах павінны падтрымліваць не толькі камунальнікі, але і самі жыхары.
Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу двух гадоў прывесці ў парадак рэгіёны, дзе павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку 11 гарадоў Беларусі, у тым ліку Орша і Баранавічы з тэрыторыямі вакол іх.
Пасля сустрэчы з актывам раёна і горада Баранавічы Аляксандр Лукашэнка пагаварыў з мясцовымі жыхарамі, якія сабраліся на плошчы перад гарвыканкамам.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.