Складнікі прыемнага апетыту. Выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама

Выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

У гэтым навучальным годзе гарачым харчаваннем ахоплена 100 працэнтаў школьнікаў, а тыя з іх, якія займаюцца ў групах падоўжанага дня, харчуюцца два-тры разы ў дзень.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў: матэрыяльна-тэхнічная база большасці харчаблокаў у школах і дзіцячых садках знаходзіцца ў здавальняючым стане. А вось харчаблокі ў Тухавіцкай СШ і Конькаўскім ДС-СШ, а таксама ў Задворскім і Навасёлкаўскім дзіцячых садках патрабуюць мадэрнізацыі.
Пытанні арганізацыі бяспечнага і якаснага харчавання дзяцей на пастаянным кантролі ў спецыялістаў райЦГіЭ. Першачарговая ўвага – на прафілактыку і папярэджанне парушэнняў.
У студзені-сакавіку 2019 года санслужба пабывала ў 16 школах і дзіцячых садках, парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму выяўлены паўсюдна. Датычацца яны невыканання правілаў санітарнага рэжыму, захоўвання прадуктаў харчавання. Сярод частых «грахоў» – незахаванне прыкладных перспектыўных меню і невыкананне нормаў харчавання, павярхоўны вытворчы кантроль.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі запатрабаваў ад санітарнай службы прымаць строгія меры супраць тых работнікаў, якія дапускаюць парушэнні. Кіраўнік раёна даручыў пралічыць магчымасць укамплектавання харчаблокаў пасудамыйнымі машынамі, што не толькі аблегчыць працу работнікаў, але і станоўча паўплывае на захаванне санітарных нормаў.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская праінфармавала, што асноўнымі пастаўшчыкамі прадуктаў для ўстаноў адукацыі з’яўляюцца мясцовы кансервавы завод і райпо, Бярозаўскі мясакансервавы і Баранавіцкі малочны камбінаты, птушкафабрыка «Дружба». З мэтай патаннення харчавання многія ўстановы адукацыі займаюцца саманарыхтоўкай бульбы і іншай агародніны. Асноўную нагрузку па аплаце харчавання ў школах нясе мясцовы бюджэт (за яго кошт харчуюцца 76 працэнтаў вучняў).
Ва ўсіх дашкольных установах адукацыі выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя праграмы для састаўлення меню-патрабаванняў, аналізу выканання натуральных нормаў харчавання.
Асобная размова пра кадры. Усяго ў сістэме працуе 62 повары (з якіх вышэйшы пяты разрад маюць 8 чалавек), а таксама 26 кухонных работнікаў. Вя-дзецца пастаянная работа па павышэнні кваліфікацыі повараў.
Дарэчы, дзякуючы устаноўленым у харчаблоках відэакамерам, можна назіраць за работай бракеражнай камісіі і арганізацыяй вытворчага працэсу. Святлана Якубоўская са шкадаваннем адзначыла, што чалавечы фактар не заўсёды спрацоўвае так, як павінен. У мінулым годзе адзін повар звольнены, да дысцыплінарнай адказнасці за нядобрасумленнае выкананне функцыянальных абавязкаў прыцягнуты 16 работнікаў харчаблокаў, тры кіраўнікі ўстаноў адукацыі, адзін намеснік, адзін інжынер-тэхнолаг аддзела па адукацыі – за недастатковы кантроль.

ФАКТ

Асноўную нагрузку па аплаце харчавання ў школах нясе мясцовы бюджэт (за яго кошт харчуюцца 76 працэнтаў вучняў).
Галіна КАНЬКО.