Рэжысура адпачынку

У мінулы аўторак адзінаццацікласнікі падчас сустрэчы са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Камінскім акрамя планаў на блізкае выпускное-«паступное» лета (пра гэта ў адным з бліжэйшых нумароў «ЛВ») абмеркавалі і шмат надзённых маладзёжных праблем. Адна з тэм тычылася арганізацыі адпачынку.
Хвалюе рабят пытанне, дзе вечарам яны змогуць патусавацца, калі ім споўніцца 18 (а значыць, можна знаходзіцца ў грамадскіх месцах пасля 22 гадзін без суправаджэння дарослых), калі студэнтамі прыедуць з вучобы на выхадныя ці канікулы. Моладзь выказала жаданне бачыць у горадзе прывабны клуб ці, напрыклад, караоке і г.д.
Прызналіся, што шмат грошай, якія даюць бацькі на кішэнныя расходы, пакідаюць у забаўляльных цэнтрах Баранавіч. Ездзяць гуляць у більярд, боўлінг, тэніс, у караоке і…. (пра набалелае) у кінатэатр. Хочацца паглядзець кінанавінку, як яна толькі з’явілася ў пракаце, а не праз два-тры месяцы (як у Ляхавічах).
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што і гэта пытанне сёння знаходзіцца на кантролі мясцовай улады.

Аптымальная , нават ідэальная сітуацыя: малады спецыяліст прыехаў у райцэнтр па размеркаванні, адпрацаваў належныя па заканадаўстве два гады і замацаваўся на першым працоўным месцы. А далей па шчаслівым сцэнарыі: сям’я, дзеткі, кар’ерны рост… Цяпер давайце паразважаем наконт галоўных складнікаў, што спрыяюць такому пазітыўнаму раскладу.
Безумоўна, умовы працы. Надзвычай важна, каб задавальняла заработная плата, а кіраўніцтва было зацікаўлена, каб малады перспектыўны супрацоўнік рэалізаваўся менавіта ў іх арганізацыі ці прадпрыемстве. Вырашальным у пытанні працягнуць працаваць ці з’ехаць часта бывае наяўнасць жылля. Але цяпер дзяржавай прадугледжаны шмат варыянтаў, ільгот, якія спрыяюць хутчэйшаму атрыманню маладым спецыялістам сваіх квад-ратных метраў.
Як зрабіць, каб менавіта наш райцэнтр стаў прывабным для маладых людзей, каб на пытанне, чаму я вырашыў застацца ў Ляхавічах, у адказ гучала: спадабаўся горад.
Сапраўды, жыццё не абмяжоўваецца працай і кватэрай. Хацелася б, каб акрамя варыянта прагуляцца ўверх-уніз уздоўж цэнтральнай вуліцы, была альтэрнатыва змястоўнага адпачынку. Што ў гэтым плане маем? Пройдземся па суботнім культурна-забаўляльным ляхавіцкім маршруце.
Вечарам у выхадныя горад літаральна ажывае. З прыходам вясны перасталі пуставаць лавачкі ў скверы, каля гарадскога Дома культуры і фантана…

Да пяці  не вытрымаем

На гадзінніку каля васьмі вечара. На дыскатэку запрашае гарадскі Дом культуры. З 19.00 да 22.00 тут прапаноўваюць забаўляльную праграму «Танц-Мікс». Абяцаюць конкурсы, гульні, музычныя нумары, нават адкрытае кафэ. І гэта ўсё за рубель.
Дарэчы, былі спробы зрабіць дыскатэку да пяці раніцы. Але першы танцавальны блін аказаўся камяком. Заяўленая «да пяці раніцы» праграма закончылася значна раней. Жадаючых патанцаваць пасля апоўначы сустрэлі, на жаль, зачыненыя дзверы ГДК. Як патлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, пасля 22.00 зала апусцела і заставалася такой яшчэ дзве гадзіны. Супрацоўнікі ГДК спынілі дыскатэку, аргументуючы тым, што электраэнергія выкарыстоўваецца дарэмна…
Наступны раз абяцаныя танцы «да пяці раніцы» таксама не атрымаліся, хоць прадалі каля 70 білетаў. Праўда, падвялі танцоры, вытрымалі толькі да 3 гадзін. Супрацоўнікі ГДК прааналізавалі ўсе «за» і «супраць», а як зрабілі работу над памылкамі – пабачым на дыскатэцы.

Па Ляхавічах  з ветрыкам

«ЛВ» сярод сваіх наведвальнікаў і падпісчыкаў на сайце, у інстаграме і «ВКонтакте» правёў апытанне і пацікавіўся, якую новую маладзёжную кропку хацелі б бачыць у райцэнтры ляхавічане. У ананімным апытанні прынялі ўдзел больш за 250 падпісчыкаў.
Красамоўная лічба прагаласаваўшых за варыянт «У Ляхавічах хапае мала-дзёжных устаноў» – так лічыць… адзін чалавек. А вось за тое, каб у горадзе з’явіліся дыска-бар, караоке ці што-небудзь падобнае, прагаласавала больш –  24 працэнты падпісчыкаў.
Нельга праігнараваць і той факт, што ў горадзе практычна адсутнічае прапанова спартыўна-гульнявой праграмы на вечар, акрамя аднаго більярднага стала ў спартшколе. Зразумелы настрой 20-ці працэнтаў нашых падпісчыкаў, якія хацелі б мець у горадзе більярд ці боўлінг.
З надыходам вясны жаданне пракаціцца на веласіпедзе, роліках, самакаце ці скейце значна «абвастраецца». Класна было б узяць напракат такі спортінвентар. За гэты варыянт развіцця падзей прагаласаваў 21 працэнт падпісчыкаў.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Надзея Лапіч, якая курыруе пытанні спорту і турызму, падзялілася сакрэтам: хутка і ў нас афіцыйна адкрыецца веласезон і спарт-школа ў працэсе набыцця 20 новенькіх веласіпедаў для розных узростаў. Спланавана, дзе будзе праходзіць веласіпедная дарожка (па гэтым маршруце нанясуць спецыяльную разметку), усталяваны стойкі для двухколавага транспарту.
Яшчэ 20 працэнтаў падпісчыкаў хацелі б, каб у райцэнтры з’явілася новая кропка тыпу былога кафетэрыя «Верас». Адно з пустуючых памяшканняў горада магло б зняць замок і стаць добрай пляцоўкай для кафейні ці бісквітнай.
А яшчэ такому кампактнаму райцэнтру як нашы Ляхавічы пасаваў бы такі ж кампактны маладзёжны цэнтр. За прыклад можна ўзяць Гродзенскі маладзёжны цэнтр, які стаў адной з рэалізаваных ідэй праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі». У адным памяшканні ўмясцілася танцпляцоўка, кінатэатр, канцэртная зала, гольф-клуб, пракат веласіпедаў і г.д. Магчыма, і наш «Кастрычнік» мог бы стаць падобнай пляцоўкай. Дарэчы, не так даўно пад яго дахам пачаў працаваць кава-шоп «Vic&Mar».
Вернемся да галасавання. Прапаноўвалі нашы падпісчыкі і свае варыянты. Лідзіруе ўсё ж басейн. Многія выказалі жаданне бачыць у горадзе дзіцячы гульнявы цэнтр, у Баранавічах такая практыка – звычайная справа. Пакуль дзеці актыўна адпачываюць на горках, батутах з шарыкамі і іншых атракцыёнах, бацькі могуць заняцца сваімі справамі. Была яшчэ прапанова ўсталяваць вулічную баскетбольную пляцоўку.

А ў рэстаране, а ў рэстаране…

У кафэ «Калі ласка» выхадныя ў асноўным праходзяць у рэжыме спецабслугоўвання. У іншым выпадку столікі загадзя браніруюцца. Тут многае зроблена для таго, каб адпачываючыя адчувалі сябе камфортна: абмежаваная колькасць наведвальнікаў, свая ахова, добрая кухня і музычнае суправаджэнне.
У рэстаран «Ластаўка» моладзь таксама заходзіць: сучасны дызайн, неблагая кулінарная прапанова і з музыкай усё ў парадку. Але ж чамусьці зала тут ўсё роўна цалкам не запаўняецца. Многія скардзяцца, што там надзвычай холадна, часам і паліто здымаць не хочацца. Літаральна на мінулым тыдні тут пацяплела.
А вось у кафэ «Алеся» заўсёды «горача», незалежна ад тэмпературы ў зале. Гэта кропка знаходзіцца ўверсе рэйтынгу сярод нешматлікіх месцаў, дзе гуртуецца мясцовая моладзь. І хоць многія скардзяцца, што культурна адпачыць там часта не даюць некультурныя кліенты, усё ж з-за адсутнасці альтэрнатывы наведваюць менавіта гэта кафэ. Калі «Алеся» здольна кожную суботу збіраць моладзь, магчыма, варта было б ператварыць яе ў сучасны паб ці тэматычны бар? Зрабіць яго больш прыцягальным і акультурыць. Мяркую, гэта магчыма.
На жаль, пакуль кафэ знаходзіцца ў арэндным памяшканні (райпо даўно прадало яго Пінскай міжрайбазе), змяніць штосьці каардынальна не атрымаецца. Але плануецца, што летам яно будзе працаваць кругласутачна. Менавіта пасля закрыцця «Алесі» ў гадзіну ночы многія наведвальнікі працягваюць адпачынак у кафэ, барах і клубах Баранавіч.
Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч паабяцаў зрабіць так званы рэбрэндынг гэтай культурнай кропкі. Па-першае, выкупіць памяшканне ў арэндадаўца (навошта было прадаваць?), а пасля перапрафіляваць у новую сучасную маладзёжную кропку адпачынку.
Шмат планаў і ідэй. Але варта памятаць, што адпачынак мы ствараем самі, як і самі вырашаем, наколькі культурным ён будзе.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

І яшчэ. Абноўкі – гэта прыемна, але давайце сумленна адкажам на пытанне: ці ўсё, дзе можна цікава праводзіць час, мы скарыстоўваем у поўнай меры?