Хацелася б больш мажору

Хто ў адказе за парадак? Пытанне рытарычнае.
А вось якія мы гаспадары, лёгка ўбачыць на тэрыторыі ўласнай адказнасці. Гэта і пра працоўныя калектывы, і пра кожнага з нас

Прырода ажывае, паветра напаўняецца свежасцю, сонца адорвае цеплынёй, а яшчэ праяўляе ўсё, што чакае клопату рук людскіх. Гаворка пра парадак ці наадварот пра яго адсутнасць. Каб на ўласныя вочы ўбачыць, што, як і дзе, «ЛВ» адправіўся ў рэйд з санслужбай. Маршрут – так званая прамзона.

У «Ляхавічыдрэў Экспарт» парадак ва ўсім.

Разам з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрыем Лімантам пачалі рэйд з вуліцы Працоўнай. Дарога ачышчана, падрамантавана. Ля аўтацэнтра «Вікторыя» ўжо завезена зямля, якую, па словах работнікаў фірмы, збіраюцца выкарыстаць для ўладкавання газонаў.
Побач яшчэ адна прыватная фірма – «ТМТ». Не скажаш, што запусценне, але і да ідэальнага парадку далёка: раскіданыя камяні, будаўнічыя адходы.
А на тэрыторыі ТАА «Ібіра» ўсё яшчэ восень: апалае лісце, галінкі дрэў. Відаць, нікога тут гэта не напружвае, інакш даўно б узяліся за граблі і мяцёлкі.
Добраўпарадкаваны, з густам аформлены тэрыторыі каля ПМК-13 і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Чаго не скажаш пра іх новых суседзяў. Памяшканне былога СПМК-18 выкупіў прыватнік, збіраецца наладзіць уласную вытворчасць. А вось прыбраць смецце пакуль не здолеў.
З набліжэннем да будынкаў былой будаўнічай арганізацыі па гэтай жа вуліцы ў думках малявалася традыцыйная для тутэйшых месцаў карціна: бур’ян у рост чалавека і зараснікі хмызняку. На справе ўсё аказалася куды мажорней: падгрэблі, падмялі, пачысцілі –
хоць сёння на продаж.
Хто хоча – той робіць, хто не жадае – шукае апраўданні. Гэта і пра разнаполюсны падыход да парадку суседзяў – ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» і ПВУП «Трансэлектрабуд». На тэрыторыі першага прадпрыемства парадак, кожная рэч на сваім месцы, прадуманы дызайн – не сорамна прыняць партнёраў па бізнесе і кліентаў, сярод якіх – госці краіны. І супрацьлеглы сюжэт: па перыметры «Трансэлектрабуда» ў вялікія горы складзіраваны рэшткі агароджы, іншага будматэрыялу. Дырэктар паабяцаў, што ўсё гэта ў бліжэйшы час будзе прыбрана, а на месцы пачнецца будаўніцтва новых вытворчых памяшканняў.
Не надта клапоціцца пра парадак на падуладнай яму тэрыторыі яшчэ адзін прыватнік – ПВУП «Ляхавічыбудтранс». Куды ні глянь –
паўсюдна неахайнасць, старая неэксплуатуемая тэхніка.
На тэрыторыі ПГВУП «Цвірко і К» перад агароджай прыбрана, а збоку натыкнешся на падпоркі: убярэш адну – і паваліцца ўся агароджа. Так і да бяды недалёка. А далей яшчэ горш: густы і засмечаны хмызняк.
Несанкцыянаваная звалка бытавога смецця ў паркавай зоне, аварыйны будынак былога інтэрната і шмат іншага беспарадку давялося ўбачыць на вуліцы Вакзальнай.
Самы час узяцца за граблі і мяцёлкі, самы час закасаць рукавы і зрабіць, каб было чыста і дагледжана – па-гаспадарску. Што перашкаджае навесці парадак прама зараз?
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

На тэрыторыі «Трансэлектрабуда».
Так «умацавана» агароджа «Цвірко і К».
Новыя гаспадары пра парадак не турбуюцца.