Дыяграма дэмаграфіі, ці Прывабны для жыцця раён. Як павысіць прыцягальнасць раёна для пражывання і працы, ішла грунтоўная размова на чарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама

Як павысіць прыцягальнасць раёна для пражывання
і працы, ішла грунтоўная размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама

Як павысіць прыцягальнасць нашага рэгіёна для работы і пражывання, павялічыць колькасць насельніцтва – такія пытанні адрасаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі адказным асобам на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе разглядалі рэалізацыю ў Ляхавіцкім раёне дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады.

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Андрэй Касоўскі падрабязна спыніўся на развіцці інавацыйнай інфраструктуры ў краіне, нагадаў, што ў студзені ў Беларусі быў зарэгістраваны другі прыватны тэхнапарк, які мае ляхавіцкі адрас – вёска Флер’янова. І гэта таксама элемент прывабнасці рэгіёна. Андрэй Касоўскі патлумачыў, якія ад такога суседства плюсы для раёна.
Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч зрабіў акцэнт на стварэнні ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, даступнасці меддапамогі. Пільная ўвага звяртаецца на дыспансерызацыю, выкананне асноўных мерапрыемстваў па прафілактыцы і лячэнні сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, траўмаў. У тым ліку і з гэтай мэтай у мінулым годзе ўсе тэрапеўтычныя ўчасткі паліклінікі пераведзены на работу па прынцыпе ўрача агульнай практыкі. Для абсталявання іх рабочых месцаў закуплены электракардыёграфы, растамеры, атаскопы і іншае. «Каманда» ўрача агульнай практыкі, у склад якой уваходзяць памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе і медсястра, дзейнічае і ў амбулаторыях.
Са снежня на выклікі выязджаюць тры брыгады хуткай дапамогі – гэта таксама адзін з ключавых момантаў даступнасці медыцынскіх паслуг. А з прыходам у жніўні у аддзяленне хуткай меддапамогі маладых спецыялістаў будзе сфарміравана ўрачэбная брыгада для кругласутачных выездаў.
Дыспансерным медаглядам летась ахапілі 99,2 працэнта дарослага насельніцтва і 100 працэнтаў дзяцей. Дыспансерная брыгада штотыдзень згодна графіка выязджае на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна. Добра арганізавана такая работа ў СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», на торфабрыкетным заводзе, у РАНС, вузле электрасувязі, на заводзе «Металапластмас». Аднак галоўны ўрач райбальніцы заклапочаны тым, што не ўсе кіраўнікі зацікаўлены ў такім меддэсанце і не заўсёды кантралююць праходжанне работнікамі абавязковага медагляду.
Асобна адзначым даступнасць спецыялізаванай меддапамогі і высокатэхналагічных аператыўных умяшальніцтваў. Летась нашым землякам у Баранавіцкім міжраённым кардыялагічным цэнтры зроблена 67 каранараангіяграфій і 18 аператыўных умяшальніцтваў на сэрца. Для паляпшэння дыягностыкі анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях у раёне праводзіцца скрынінг каларэктальнага рака (метадам FIT), абследаванне мужчын на прастат спецыфічны антыген, нядаўна ўкаранёны скрынінг жанчын на рак шыйкі маткі, прымяняюцца РКТ і МРТ даследаванні.
Работа над павышэннем узроўню медабслугоўвання павінна працягвацца бесперапынна. У тым ліку гэта датычыць і змяншэння чэргаў на прыём да ўрача, што падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў лічыць, што адна з асноў станоўчай дэмаграфіі – здаровы лад жыцця, і расказаў пра мэтанакіраваную прафілактычную работу службы па выхаванні ў насельніцтва асабістай адказнасці за ўласнае здароўе.
За мінулы год у раёне праведзена больш за 40 тэматычных сусветных і рэспубліканскіх дзён здароўя,
49 прафілактычных акцый, у якіх прынялі ўдзел амаль 7000 чалавек. Так, у межах прафілактычнага праекта «Здаровае сэрца – залог поспеху» ў 413 чалавек выяўлены праблемы з артэрыяльным ціскам. 212 з іх накіраваны на даабследаванне ва ўстановы аховы здароўя, у тым ліку па кардыялагічным профілі.
Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская ў якасці рэцэпта павышэння прыцягальнасці раёна прапанавала арганізацыю сацыяльнай дачы. Нам ёсць што паказаць, але для турыстаў важны сэрвіс, каб было дзе пасля захапляльнай экскурсіі адпачыць. Дача і выканае ролю такой часовай гасцініцы.
Таццяна Равінская расказала таксама пра работу ТЦСАН з дэмаграфічна-клапатлівым ухілам. Тэрытарыяльны цэнтр стараецца акружыць клопатам не толькі розныя катэгорыі сем’яў, але і пажылых людзей. Спецыялісты ўстановы праводзяць абследаванне розных катэгорый насельніцтва, па выніках якога аказваецца сацыяльная, матэрыяльная, псіхалагічная ці іншая дапамога, у тым ліку – паслугі медыцынскай сястры міласэрнасці. Па стане на пачатак года, медыка-сацыяльныя паслугі на бязвыплатнай аснове прадастаўляюцца на даму дзесяці ляхавічанам. Пажылыя людзі і інваліды ўдзельнічаюць у спартыўна-масавых мерапрыемствах.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса акцэнтаваў увагу на выбары найбольш эфектыўных формаў і метадаў работы з насельніцтвам.
А старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі закрануў да ўсяго экалагічную і іншыя праблемы рэгіёна. Іх трэба вырашаць сумесна і зацікаўлена. Многае залежыць не толькі ад кіраўнікоў, але і ад укладу кожнага ў агульную справу. І каб да нас ехалі турысты, выбіралі месцам працы і пражывання маладыя спецыялісты, камфортна было ўсім людзям, не трэба быць раўнадушнымі і безыніцыятыўнымі, рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.