Гросмайстарскі ход Дыдышкі. Работнікі ляхавіцкай бібліятэкі запрасілі жыхароў горада і заядлых шахматыстаў здзейсніць падарожжа ў слаўную краіну шахмат

Вячаслаў ДЫДЫШКА

28 сакавіка работнікі цэнтральнай бібліятэкі запрасілі наведвальнікаў спартыўнага лагера, які дзейнічаў на вясновых канікулах пры СДЮШАР, жыхароў горада і заядлых шахматыстаў здзейсніць  падарожжа ў слаўную краіну шахмат.

На рэспект-сустрэчы «Шахматны талент: белая ладдзя кліча» гучала імя нашага славутага земляка, гросмайстра Вячаслава Дыдышкі (дарэчы, брата таленавітай паэткі Веры Дыдышкі).

Ён дасягнуў першага рэзананснага поспеху ў таварыскім матчы беларусаў супраць ГДР у 1965 годзе, дзе стартаваў з трох радавых перамог. У чэмпіянаце СССР ва ўзросце да 18 гадоў здолеў нават узяць верх над Анатолем Карпавым (але заняць першае месца ў турніры яму не ўдалося).
Вячаслаў Дыдышка атрымаў званне майстра спорту СССР у 1968 годзе, у 1982 годзе ён ужо міжнародны майстар, а ў 1995-м стаў міжнародным гросмайстрам. Дарэчы, за год да гэтага ён быў удастоены малога залатога медаля ХХХІ Сусветнай шахматнай Алімпіяды за лепшы індывідуальны вынік, пасля перамогі ў міжнародным турніры «Берлінскае лета». Вячаслаў Іосіфавіч – рэкардсмен па колькасці перамог у чэмпіянатах Беларусі: у 2006 годзе ў 11-ы раз стаў чэмпіёнам краіны. Паспяхова выступаў у ветэранскіх чэмпіянатах свету, стаў прызёрам турніру сеньёраў 2010 года.
Свой вопыт абагуліў у кнізе «Логіка сучасных шахмат» (1989).
З 1992 года Вячаслаў Іосіфавіч працаваў спартсменам-інструктарам нацыянальнай зборнай каманды па шахматах. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2013), ён выхаваў многіх вядомых шахматыстаў, у тым ліку чэмпіёна свету Настассю Зязюлькіну. Трэніраваў дзяцей ў Мінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву № 11.
Сёлета ў сакавіку гросмайстру Вячаславу Дыдышку споўнілася
70 гадоў і ў гонар юбілею ў купалаўцы прайшоў шахматны турнір.
Выстава-агляд тэматычнай літаратуры «Падарожжа ў шахматнае каралеўства», якая экспанавалася на рэспект-сустрэчы, выклікала зацікаўленасць.  Як і расказ ляхавічаніна Івана Купрыка пра сваю шахматную гісторыю. Іван Фаміч таксама даў майстар-клас гульні ў шахматы.
Дарэчы, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы сабраны багаты матэрыял пра вядомых ураджэнцаў Ляхавіччыны. Шмат інфармацыі ў бібліятэчную базу даных прадставіў з асабістага архіва Андрэй Куркач.
Марына Нікіціна,  загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ.
Фота Алены Шклянік.