Надзеленыя славай. Сакавіцкія нараджэнні на Ляхавіччыне


Данута, Марыя, Мікіта – новыя жыхары Ляхавіччыны, нараджэнне якіх напачатку красавіка зарэгістраваны  ў аддзеле загс райвыканкама.
Дарэчы, Марыйка і Мікітка нарадзіліся ў адзін дзень, 27 сакавіка, з розніцай у некалькі гадзін: дзяўчынка ў 6.55, а хлопчык у 10.25, расказала “ЛВ” начальнік аддзела загса Вольга Новік.
У першы вясновы месяц зарэгістравана нараджэнне пяці дзетак у горадзе і сем у раёне.

Сярод традыцыйных імён як Міхаіл, Ксенія, Яраслаў, Кірыл, Вікторыя, Максім і больш эксклюзіўныя – Віталіна (у перакладзе з латыні – поўная жыцця) і Уладзіслава (з старажытнаславянскага імя  азначае надзеленая славай).
Першы раз адчулі радасць бацькоўства ў пяці сем’ях нашых землякоў. Сапраўдным мужычком-асілкам сярод сакавіцкіх немаўлят стаў Кірыл, які нарадзіўся вагой чатыры кілаграмы 160 грамаў, яго рост – 55 сантыметраў. Дзюймоўка месяца –Уладзіслава. Яе вага тры кілаграмы 30 грамаў пры росце 51 сантыметр.

Сёлета за тры месяцы ў нашым раёне зарэгістравана нараджэнне 57 малышоў – гэта на паўтара дзясяткі больш у параўнанні з леташнім дзіцячым папаўненнем.
Шлюб у сакавіку заключылі толькі тры пары. Пост, аднак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.