Пасля капітальнага рамонту гасцінна расчыніў дзверы Востраўскі цэнтр культуры і вольнага часу

За апошнія гады Востраў змяніўся — не пазнаць. У гэтага населенага пункта з багатымі культурнымі і працоўнымі традыцыямі нібы адкрылася другое дыханне. І справа не толькі і не столькі ў тым, што Востраў набыў новы статус — ён цяпер аграгарадок. І самі вастраўчане сталі яшчэ больш па-гаспадарску адносіцца не толькі да ўласнага дома, падворка, але імкнуцца ўпрыгожыць тэрыторыю каля таго месца, дзе жывуць, клапоцяцца, каб навокал было чыста, утульна, прыгожа. (Некалькі гадоў таму побач з Востравам размясціўся адзін з буйнейшых у краіне беларуска-дацкі сучасны свінагадоўчы комплекс ЗТАА «БелДан»). На яго будаўніцтва пайшло звыш за 12 мільёнаў еўра, прычым 9 мільёнаў еўра — чыстых замежных інвестыцый. Акрамя таго, што прадпрыемства адлічвае падаткі ў раённы бюджэт, стварыла і працягвае адкрываць новыя працоўныя месцы, будуе жыллё для сваіх работнікаў, кіраўніцтва «БелДана» ўкладвае сродкі і ў развіццё інфраструктуры аграгарадка, аказвае спонсарскую дапамогу мясцовым установам адукацыі, аховы здароўя, культуры. Нядаўна «ЛВ» згадваў пра рамонт спартыўнай залы Востраўскай СШ, што фінансуецца прадпрыемствам, і пра набыты для мясцовага ФАПа электракардыёграф, скутар і г.д. Здаецца, зусім нядаўна вастраўчане радаваліся адрамантаваным будынкам аддзялення сувязі, фельчарска-акушэрскага пункта, сельвыканкама, добраўпарадкаваным вуліцам. Мясцовыя сярэдняя школа і дзіцячы сад заўсёды заслугоўвалі вышэйшых пахвал, цяпер сталі яшчэ больш стыльнымі, утульнымі і гасціннымі. На ўсё вышэйпералічанае пайшло звыш 6 мільярдаў рублёў з раённага бюджэту. І вось чарговае наваселле. На гэты раз — культурнае.

Праз вароты шчасця прайшла «залатая» сямейная пара — Іван і Соф’я Арцёмы.

Амаль 2 гады ў мясцовым ачагу культуры праводзіўся капітальны рамонт. 1 мільярд 800 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту пайшло на замену вокнаў, даху, дзвярэй, праведзены рамонт унутры памяшкання, у тым ліку заменена ацяпляльная сістэма, сантэхніка. Плануецца набыццё новай мэблі. Усе рамонтныя работы выконвала ААТ «Свет будаўніцтва і рамонту» (дырэктар Аляксандр Бігель). Акрамя актавай залы, кабінета для гуртковай работы, этнаграфічнага міні-музея, бібліятэкі, прасторнага фае і танцавальнай залы ў будынку Востраўскага цэнтра культуры і вольнага часу размясціліся аптэка, комплексны прыёмны пункт з цырульняй. Месца хопіць для ўсіх! Галоўнае, што сюды заўсёды з задавальненнем і інтарэсам спяшаюцца і маладыя, і сталыя вяскоўцы, у чым немалая заслуга мясцовых культработнікаў на чале з дырэктарам ЦКіВЧ Валянцінай Гоўша. Яны ладзяць і арганізоўваюць разнастайныя мерапрыемствы. А гумарыстычныя пастаноўкі і выступленні вядомага на ўсю акругу — і не толькі — народнага тэатральнага калектыву «Вастраўчане» ўвогуле нікога не пакідаюць абыякавымі.

Гасцінна сустракае чытачоў загадчыца бібліятэкі Галіна Салавей.

Майстар-клас прадэманстравалі востраўскія культработнікі і самадзейныя артысты і ў мінулую суботу. Нагода была надзвычай урачыстая — адкрыццё абноўленага цэнтра культуры і вольнага часу. Святочная атмасфера ў аграгарадку адчувалася з раніцы. Цэнтрам стала цэнтральная плошча каля ДК. Менавіта тут размясцілі свае работы мясцовыя майстрыхі. Як можна не захапляцца вышыўкай Святланы Аніскевіч, Ірыны Войцік, Надзеі Якавец, Ірыны Галенка, тканымі вырабамі Таццяны Мароз, вязанымі рэчамі Наталлі Петрашэвіч і іншых мясцовых гаспадынь. Спадабаліся тканыя работы госці са Стараселля Ніны Ярошка. Наўрад ці пакінулі кагосьці абыякавымі карціны, намаляваныя маладой мастачкай Аляксандрай Цісельскай. А вяскоўцы розных узростаў усё спяшаліся і спяшаліся на свята. На ўрачыстасці ў аграгарадок прыехалі і шматлікія госці. Сустракалі іх па востраўскай традыцыі гасцінна—хлебам-соллю, музыкай, песнямі і прывітальнымі словамі.
І загучалі фанфары, абвясціўшыя пачатак урачыстасцяў. Са знамянальнай культурнай падзеяй вастраўчан шчыра павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. «Сёння ў цудоўным кутку Ляхавіччыны — Востраве — жыве 448 чалавек. І кожны з вас, шаноўныя, адчувае тую непарыўную сувязь пакаленняў, якая аб’ядноўвае, дапамагае і вызначае далейшае развіццё вёскі. Гісторыю ствараюць людзі. Ганарыцца таленавітымі, працавітымі і слаўнымі людзьмі гасцінная востраўская зямля. Сярод іх — Герой Сацыялістычнай Працы былы намеснік міністра будаўніцтва прадпрыемстваў цяжкай індустрыі СССР Міхаіл Пачкайлаў, аўтар гімна Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ірына Войцік», — сказаў кіраўнік раёна. Адзначыўшы, што зроблена нямала ў добраўпарадкаванні Вострава, Дзмітрый Бурдук звярнуўся да вяскоўцаў з просьбай больш ашчадна і клапатліва адносіцца да ўсяго, што навокал. І нагадаў, што з уводам у эксплуатацыю цэнтра культуры вастраўчане атрымалі выдатную магчымасць з карысцю праводзіць вольны час.

У этнаграфічным музеі можна даведацца шмат цікавага пра жыццё продкаў.

І вось ён, доўгачаканы момант. Дзмітрый Бурдук разам са старшынёй Востраўскага сельвыканкама Уладзімірам Тадрам, упраўляючым фермай «БелДана» Йонасам Йенсенам, ініцыятарам колішняга будаўніцтва Востраўскага СДК Барысам Войцікам перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і разам з іншымі гасцямі прынялі ўдзел у экскурсіі па адноўленым будынку.
Адкрыццё цэнтра культуры плаўна перайшло ў яшчэ адну важную і значную падзею — свята вёскі. На ім было нямала цікавых і запамінальных момантаў, шчырых слоў удзячнасці, сардэчных віншаванняў і падарункаў. У палку вастраўчан — прыбаўленне. Сваімі тут паспелі стаць працаўнікі «БелДана», сярод якіх нямала і маладых спецыялістаў, як, напрыклад, маладая сям’я юрысконсульта Алены Дзябрый і заатэхніка Аляксандра Мішчанкі. Дарэчы, Алена і Аляксандр двойчы станавіліся героямі свята. Спачатку як працаўнікі прадпрыемства, а потым як маладажоны. Такі статус маюць і Вольга і Дзяніс Лысенкі. Іх разам з сямейнай парай Соф’і і Івана Арцёмаў, якія адзначылі залатое вяселле, сярэбранымі юбілярамі Наталляй і Ігарам Жанкевічамі, Ірынай і Уладзімірам Галенкамі віталі землякі вясельным «горка». Апладысментамі сустракалі старэйшага жыхара Вострава 90-гадовага Мікалая Русакевіча, падарунак перадалі і самай юнай вастраўчанцы — Злаце Захарчэні. Ушаноўвалі мнагадзетных маці, лепшых працаўнікоў СВК «Востраў-Агра», пераможцаў конкурсаў у разнастайных традыцыйных намінацыях на свяце вёскі. І, як заўсёды, на біс выступалі мясцовыя самадзейныя артысты. І не важна, гучалі над вёскай вядомыя хіты ці ўласныя творы — выкананне іх было заварожваючым і непаўторным.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *