Пшанічнае натхненне. У «Жарабковічах» пасяўная на фінішнай прамой

Сёлетняя пасяўная для яго не першая, ні другая і ні трэцяя. Але заўсёды, прызнаецца механізатар ААТ «Жарабковічы» Дзяніс Буката  (на здымку), за свой родненькі АПП-6 садзіцца з новым адчуваннем. З пастаяннага – адказнасць  (на хлебных палетках па-іншаму быць не можа), з новага – асаблівы вясновы настрой, што натхняе на працу.
– Рухаешся па заараным полі, а ўяўляеш, як тут ужо каласіцца важка-коласная пшаніца, – дзеліцца ўражаннямі малады механізатар, пакуль зерне напаўняе бункер сеялкі. План на дзень вялікі: на полі каля аграгарадка Падлессе чакаюць яшчэ не засеяныя 40 гектараў. І гэта звычайны расклад для Дзяніса.

Пасяўныя плошчы жарабковіцкай гаспадаркі складаюць каля 910 гектараў: па 350 адведзена пад пшаніцу і ячмень, 200 засеецца зернебабовымі, астатняе – аўсом.
Шчыруюць механізатары сельгаспрадпрыемства і на арандаваных землях КСУП «Тальмінавічы». Тут ужо на трох сотнях гектараў прайшліся жарабковіцкія сеялкі. У сябе ж раннія збожжавыя і зернебабовыя занялі каля 900 гектараў.
У календары фінішная прамая пасяўной-2019 плануецца на бліжэйшыя выхадныя. Тэхніку да выхаду ў поле рыхтавалі загадзя і якасна, каб ніякіх стрымліваючых фактараў не ўзнікала. Аснашчанасць «Жарабковіч» у гэтым плане наступная: шэсць пасяўных агрэгатаў і тры сеялкі.
Ёсць у сёлетняй пасяўной і абновачны момант. На плошчах, якія не зааралі восенню, працаваў агрэгат для мінімальнай апрацоўкі глебы «Дыскапак-6». Яго тэхнічныя характарыстыкі дазваляюць захопліваць у шырыню да шасці метраў глебы, адпаведна эканоміць паліва.
– І надвор’е на руку механізатарам. Яно проста ідэальнае, нават нягледзячы на начны тэмпературны мінус. Сеялкі выходзяць у поле, пакуль у зямлі дастаткова вільготнасці. Таму першапачатковыя сілы накіравалі на ўчасткі з пясчанай глебай, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Сяргей Каляда.
«Працуюць» на пасяўную і смачныя абеды, якія дастаўляюць механізатарам у поле з жарабковіцкай сталовай двойчы на дзень. Таму і справа ладзіцца, жартуюць яны.
А ўсё ў сукупнасці спрыяе паспяховаму выніку пасяўной.
Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.