Штодзённы экзамен

Мікалай Бурбуць праінспектаваў стан аховы працы
ў «Шляху новым». Своеасаблівы экзамен па тэме трымала інжынер Маргарыта Крайнюк.

Сельскагаспадарчая вясна пачыналася з унясення мінеральных удабрэнняў і арганікі, ворыўных і некаторых іншых відаў работ. І як момант ісціны – сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур. Кожны з гэтых відаў дзейнасці адрозніваецца напружанасцю вытворчага рытму, адказнасцю і патэнцыяльна высокім узроўнем небяспекі.

З мэтай «здаровага» правядзення веснавых палявых работ яшчэ ў лютым упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама выдала загад аб мерах па прафілактыцы траўматызму, пажараў і дарожна-транспартных здарэнняў пры правядзенні адказнай сельскагаспадарчай кампаніі. У адпаведнасці з ім усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна распрацавалі свой дакумент.
Пад увагай – забеспячэнне бяспекі на этапах рамонту, палявых работ, абавязковая наяўнасць спецадзення і індывідуальных сродкаў аховы ў занятых на работах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі. Да ліку такіх адносяцца, напрыклад, механізатары, вадзіцелі аўтамабіляў, газа-электразваршчыкі, усе, хто так або інакш кантактуе з сельскагаспадарчай хіміяй. Для іх прадугледжана штогадовае навучанне бяспечным прыёмам і метадам вядзення работ (як правіла, яно праводзіцца ў зімовыя месяцы, пакуль не пачнецца шквал палявых работ).
Як паказваюць праверкі (а маніторынг за станам спраў у пытаннях аховы працы ажыццяўляюць у тым ліку і члены пастаянна дзеючай мабільнай групы), урокі бяс-печнай працы прайшлі ў большасці гаспадарак. Але ёсць і выключэнні. Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сакратар мабільнай групы Мікалай Бурбуць расказаў, што пацвярджэнне праходжання работнікамі КСУП «Ліпнянка» і «Востраў-Агра» абавязковага міні-курсу навучання падчас праверак не знойдзена. Арганізацыю работы па ахове працы названых сельгаспрадпрыемстваў, а таксама ААТ «Шлях новы» лічаць недастатковай і ў райсельгасхарчы.
Дастаткова частым парушэннем з’яўляецца адсутнасць на карданных і ланцуговых перадачах машын і механізмаў ахоўных кажухоў. Нярэдкія выпадкі, калі падчас рамонту аўтамабіляў, трактароў не выкарыстоўваюцца супраць-адкатныя ўпоры.
Сітуацыю адзін у адзін давялося, напрыклад, назіраць нядаўна ў «Шляху новым». «Беларус» знаходзіцца ў рамонтнай майстэрні, замест аднаго з колаў – падстаўная апора, якая не выклікае ў Мікалая Бурбуця ніякіх нараканняў: выканана па правілах. А супраць-адкатныя ўпоры пад коламі (іх, нагадаем, павінна быць не менш за два, размешчаных у супрацьлеглых накірунках) адсутнічаюць. Хоць няхітрае прыстасаванне знаходзіцца побач, літаральна ў паўтара-двух метрах ад рамантуемай машыны. «Нармалізаваў» сітуацыю асабіста Мікалай Уладзіміравіч – у адпаведнасці з правіламі тэхнікі бяспекі і логікі.
Нашым гідам па некаторых вытворчых аб’ектах, памяшканнях «Шляху новага» стала інжынер па ахове працы гаспадаркі Маргарыта Крайнюк. У ААТ такі спецыяліст адзін, хоць па штаце ў адпаведнасці з колькасцю працуючых – 460 чалавек –
павінна быць два. Маргарыта Анатольеўна расказвае, што перад пачаткам пасяўной у калектыве прайшоў сход, на якім «здаровае» пытанне было сярод галоўных, акрамя таго – максімальна паспяховае правядзенне палявых і іншых сельгасработ. Усе былі азнаёмлены з умовамі працы, нормамі выпрацоўкі, сістэмай аплаты. Спецыялісты райЦГіЭ правялі спецыяльныя тэматычныя заняткі з тымі, чыя работа звязана з «хіміяй». Усё – з наступнай праверкай засвоенага.
Адно з памяшканняў на тэрыторыі мехдвара таварыства адведзена пад кабінет па ахове працы. Усё наглядна і дастаткова поўна. Абсталяваны тут і невялікі пакой для перадрэйсавага тэсціравання механізатараў, аўтамабілістаў, іншых катэгорый работнікаў на цвярозасць. Даную што-дзённую функцыю ў «Шляху новым» выконвае дыпламаваны медработнік. І гэта свайго роду навасёлкаўскі эксклюзіў, паколькі, па інфармацыі Мікалая Бурбуця, ні адна іншая арганізацыя раёна не мае ў сваім штаце падобнай пасады.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.