Вядзецца рэканструкцыя фермаў на Ляхавіччыне

Па старых звычаях сёння не працуе селянін нават на ўласным падворку. На ўзбраенні даільныя апараты, замест мукі — збалансаваны камбікорм і г.д.У вытворчасць укараняюцца новыя тэхналогіі,што для сельгаспрадпрыемстваў —на парадку дня.Гэта ўмова высокіх надояў і прываг. Вопыт двух сучасных малочных комплексаў у нашым раёне (СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы») — таму практычнае пацвярджэнне. Але рэзервы намнога таннейшыя, чым будаўніцтва з нуля, ёсць у кожнай гаспадарцы.Прыкласці намаганні і ажывіць дабротныя, але закінутыя кароўнікі, цялятнікі, рэканструяваць, як мага больш механізаваць працу, укараніць сучасныя метады гаспадарання, каб быў эфект – задача дня. На Ляхавіччыне да пачатку стойлавага ўтрымання жывёлы неабходна рэканструяваць 11 жывёлагадоўчых памяшканняў.

З пачатку года вырашаць яе ўзяліся ва ўсіх гаспадарках раёна з энтузіязмам. Аднак, запал стаў прападаць. Хіба што толькі ў СВК «Шлях новы» будоўля ў разгары. Гаспадарка вырашыла рэканструяваць Вялікалотаўскі комплекс і ферму ў Навасёлках, а таксама пабудаваць 2 траншэі для захоўвання кармоў. Да канца жніўня работы будуць выкананы. Дарэчы, жывёлаводы тут працуюць з пастаяннай прыбаўкай прадукцыі — малака і мяса.
Усё па плане ідзе і ў СВК «Ляхавіцкі», дзе будуецца новае памяшканне для сухастойных кароў. Большасць жа гаспадарак затармазіла работы, у лепшым выпадку ў некаторых штодзень на аб’ектах працуюць 2-3 чалавекі.
Галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў прааналізаваў ход рэканструкцыі МТФ. Па яго словах, шмат сродкаў укладзена ў аднаўленне Зарытаўскай фермы СВК «Жарабковічы». Аднак, указанні па рэканструкцыі пабудовы і прымяненні ў далейшым механізаванага кармлення жывёлы, а значыць змяншэнні долі ручной працы, тут не бяруцца да ўвагі. Жывёла, як і раней, будзе ўтрымлівацца на прывязі. Па сутнасці, сельгаскааператыў будынак гэтай фермы плануе ўсяго толькі капітальна адрамантаваць, прычым, работы яшчэ вельмі многа.
Вядзецца рэканструкцыя МТФ у СВК «Дарава», дзе 2 памяшканні павінны ўступіць у дзеянне да пачатку стойлавага ўтрымання жывёлы.
У СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» заканчваецца будаўніцтва сянажнай ямы ў Сакунах, а ў Патапавічах працуюць над завяршэннем работ па рэканструкцыі МТФ.
Разгорнуты работы ў СВК «Тальмінавічы», дзе, дарэчы, малочнай жывёлагадоўлі апошнім часам удзяляецца шмат увагі. Да канца жніўня ў Гайнінцы будзе здадзена ў эксплуатацыю рэканструяванае памяшканне, а да восені палепшацца ўмовы ўтрымання жывёлы і, зразумела, працы даярак і жывёлаводаў яшчэ ў адным будынку.
Як зазначае галоўны заатэхнік райсельгасхарчу, вядуцца работы па аднаўленні фермаў і ў ДП «Нача», ёсць добрыя змены на аб’екце ў Вялікім Гарадзішчы ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
— З вясны ў СВК ”Востраў” сваімі сіламі вядуцца работы па рэканструкцыі 2 кароўнікаў і цялятніка, дзе будзе арганізавана праца жывёлаводаў з прымяненнем новых тэхналогій, — расказвае Аляксандр Шытаў. Калі тут актыўна возьмуцца за справу, то літаральна праз 2 тыдні работы будуць завершаны. Сёлета ўжо з’явіліся пэўныя зрухі ў малочнай жывёлагадоўлі: за 7 месяцаў валавы надой малака склаў 105,5 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, прададзена прадукцыі на 19 працэнтаў больш, чым летась. Каментуючы ход будаўнічых работ у «Ліпнянцы», галоўны заатэхнік адзначыў, што гэта адзіная ў раёне гаспадарка, якая можа своечасова не справіцца з рэканструкцыяй памяшкання пад МТФ.
— Планы былі грандыёзныя: рэканструяваць 2 памяшканні з прыбудовамі, каб паставіць на ўтрыманне больш жывёлы. Але энтузіязм неўзабаве патух, і сёння работы вядуцца «як мокрае гарыць», — канстатуе Аляксандр Шытаў. — Між іншым, справы ў жывёлагадоўчай галіне гэтага сельгаскааператыва трэба неадкладна папраўляць. Статак тут вельмі слабым і недакормленым выйшаў з зімоўкі. З-за безадказнасці асемянатара недаатрымана больш як 100 цялят, не было прыбаўкі і ў надоях малака. І сёння ад кожнай каровы дояць у дзень 9,6 літра малака — у лепшым выпадку. «Мінус» у параўнанні з адпаведнай датай мінулага года склаў 900 грамаў малака ад кожнай каровы. Валавы надой на карову на паўтоны меншы, як летась. Якія прыняць канкрэтныя дзеянні, каб выйсці з гэтай складанай сітуацыі, — не сакрэт. Найперш — накарміць жывёлу: арганізавалі падвоз зялёнай масы, канцэнтраты выдаюць заводскага прыгатавання, значыць, збалансаваныя. Кармы на стойлавы перыяд рыхтуюць, спадзяюцца, што з кукурузы атрымаюць добры сілас.
Нельга, аднак, забывацца і пра ўмовы і метады гаспадарання: без прымянення новых тэхналогій надояў не будзе. Вось чаму і рэканструкцыя фермаў павінна стаць неабходнасцю. Запланаваная сёлета рэканструкцыя 11 малочнатаварных фермаў для раёна — гэта перспектыўны працяг развіцця жывёлагадоўчай галіны. І шанц для кожнай гаспадаркі мець «жывыя» грошы.
Галоўны заатэхнік райсельгасхарчу даў рэкамендацыі сельгаспрадпрыемствам адносна ўтрымання грамадскага статка восеньскай парой, калі на пашы змяншаецца колькасць сакавітай зялёнай масы. Каб надоі не зменшыліся, патрэбна захоўваць тэхналогію пасьбы, рэгулярна і ў дастатку забяспечваць статак зялёнай падкормкай і збалансаваным камбікормам. Для гэтага трэба сеяць паўкосныя і пажніўныя культуры, як робяць, напрыклад, у СВК «Ляхавіцкі».
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *