А Ляхавічы смачныя! І не толькі з-за фірменнага перніка, але і ўвогуле ў турыстычным плане

На 22-м міжнародным кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2019» Ляхавічы запомніліся не толькі цікавай экскурсійнай прапановай, але і эфектным салодкім запрашэннем. Фірменны пернік з выявай назвы горада – толькі пачатак знаёмства з гісторыка-краязнаўчай біяграфіяй раёна.


Смачнымі    Ляхавічы  назвала    гэта юная   наведвальніца міжнароднага турыстычнага кірмашу.
Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной (другі справа) зацікавіўся ляхавіцкай турпрапановай.

На 22-м міжнародным вясеннім кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2019» сярод тысячы розных маршрутаў, экскурсій, тураў па Беларусі і за яе межамі свой турыстычны патэнцыял паспяхова прэзентавала Ляхавіччына.
Пад дахам Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БЕЛЭКСПА» з 3 па 6 красавіка атмасфера хоць і была працоўна-напружанай, але пра работу, здаецца, ніхто і не думаў. Хутчэй наадварот – ад шматлікіх прапаноў для адпачынку кружылася галава. Вось запрашаюць наведаць неверагодную Грузію, побач некалькі варыянтаў для паездкі на Карпаты, калі ласка, ва Украіну…
А што гаварыць пра беларускія маршруты! Іх проста безліч. На кірмашы прэзентавалі звыш дзесяці новых унікальных праектаў. Дарэчы, з мінулага чацвярга стала дакладна больш яшчэ на захапляльны міні-тур па Ляхавіччыне – класны і змястоўны.

Пяць хвілін, каб пераканаць патэнцыяльных турыстаў, што менавіта іх экскурсійная прапанова – тое, што яны шукаюць.
Пасля прэзентацыі турыстычнага маршруту «Ляхавічы для вас» у наш раён, упэўнена, чакаецца прыток жадаючых адкрыць для сябе гэты куточак Беларусі. Галоўны спецыяліст райвыканкама Надзея Лапіч за сваю пяцімінутку даказала і прадэманстравала, што Ляхавіччына – месца, дзе турыстаў гасцінна сустрэнуць, смачна накормяць і, самае галоўнае, адкрыюць неверагодна цікавую прыцягальнасць гэтага краю.
За тры дні пазнаёміцца з гістарычнымі старонкамі горада, пабываць на месцы, дзе калісьці стаяла адна з магутнейшых фартэцый Рэчы Паспалітай, даведацца, чаму тутэйшая прыгожая рачулка завецца Ведзьмай. А яшчэ нельга ўявіць Ляхавіччыну турыстычную без нашай Грушаўкі, якая, канешне, у маршруце. Потым можна паэкскурсіраваць па Савейках, адпачыць і атрымаць асалоду ад прыгажосці і непаўторнасці Рэпіхаўскага парку…
Здзівіў і кошт такой турыстычнай трохдзёнкі: усяго паўтары сотні рублёў (калі адпраўная кропка – сталіца). Плануецца, што сярэдняя працягласць маршруту па раёне складзе каля 127 кіламетраў. Да гэтага варта дадаць, што госці будуць жыць у адной з мясцовых аграсядзіб, дзе прадугледжана гурманская прапанова і забаўляльная праграма.
Гэта пакуль у тэорыі. Але першае ўражанне ад ляхавіцкага запрашэння атрымалася эфектным. Каб смак экскурсіі запомніўся надоўга і хацелася пакаштаваць яшчэ, патэнцыяльныя турысты атрымалі сувенірны пернік з выявай назвы горада.
А вось гісторыя ў турыстычную тэму. Шасцігадовая Карына з першага года свайго жыцця (так-так!) вандруе з бацькамі. Сярод мноства прапаноў ад турфірмаў увагу сям’і прыцягнуў буклет з інфармацыяй пра Грушаўку. З цікавасцю разглядалі і макет колішняй Ляхавіцкай фартэцыі. Зразумела, куды члены сям’і Юшко з Мінска адправяцца ў наступную паездку. Засталіся задаволенымі і ляхавіцкім салодкім запрашэннем. Дзяўчынка тут жа прадэгуставала наш пернік і з веданнем справы зазначыла:
– А Ляхавічы смачныя!
Так і ёсць. У нас вялікае меню з турыстычнымі прапановамі, ёсць шмат зацікаўленых нераўнадушных людзей, якія гатовы зрабіць экскурсію запамінальнай і ў той жа час драйвовай, мноства гістарычных аб’ектаў, каб задаволіць інтарэсы і густы ўсіх тых, хто ў заўсёднай пагоні за новымі ўражаннямі і эмоцыямі.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У экскурс па раёне запрашае Надзея Лапіч.

У ТЭМУ 

Фэст экскурсаводаў, які пройдзе па турыстычных маршрутах нашай краіны 13-14 красавіка, – юбілейны, дзясяты.
Святочную атмасферу гіды пастараюцца стварыць ва ўсіх куточках Беларусі. Толькі ў сталіцы ў гэтыя дні будзе арганізавана звыш сотні міні-тураў, квэстаў, экскурсаў. У рэгіёнах турысты змогуць прайсціся больш чым па 150 маршрутах. І ўсё гэта бясплатна.
Наш раён таксама адкрыты для турыстаў і гатовы здзіўляць.
Падарожжа «Ляхавічы для вас» у міні-фармаце правядзе галоўны спецыяліст райвыканкама Надзея Лапіч. У суботу ў 10 гадзін экскурсавод будзе чакаць на рыначнай плошчы.
А Зміцер Юркевіч запрашае ўсіх у Грушаўку на наступны дзень фэсту ў 12 гадзін. Кропка збору ля ўязной брамы сядзібы.
Сустрэнемся на фэсце!