На яравы лад. Сёлетнюю пасяўную ААТ «Шлях новы» пачаў два тыдні назад

Сёлетнюю пасяўную ААТ «Шлях новы» пачаў два тыдні назад. Тут запланавана адна з самых маштабных у раёне пасяўных плошчаў – 3139 гектараў.

Два ўчасткі, паўсотні чалавек і 32 адзінкі тэхнікі «Шляху новага»
шчыруюць на пасяўной.

Больш за чвэрць стагоддзя працуе ў гаспадарцы механізатар Міхаіл Сакун і ўжо дзясяты сезон сее. Вось і сёлета ён на трактары «Беларус» з пачатку красавіка штодня з 7 да 19 гадзін у полі.
– Работа добра знаёмая, але ад гэтага не менш адказная. Ад таго, як праведзена сяўба, у многім залежыць будучы ўраджай. Хочацца, каб сёлета ён быў лепшы за леташні, – гаворыць Міхаіл Сакун.
У «Шляху новым» паклапаціліся пра стварэнне належных бытавых умоў для ўдзельнікаў пасяўной. Арганізавана гарачае харчаванне – абеды прывозяць з рэстарана прама ў поле. Адказная за гэта раздатчыца Святлана Ціцікша.
300 гектараў пшаніцы, 110 гектараў ячменю, 250 гектараў зернебабовых, 500 гектараў кукурузы на зерне – клін сельгаспрадпрыемства. Насеннем «Шлях новы» забяспечаны на 110 працэнтаў, акрамя ўласнага закуплялі элітнае.
Галоўны аграном ААТ Сяргей Вярэніч абяцае: калі надвор’е не падвядзе, сяўбу ранніх яравых плануюць завяршыць на гэтым тыдні. Далей справа за цукровымі буракамі. Пад гэту культуру адвялі 700 гектараў – на 100 больш леташняга.

Галіна КАНЬКО.

Святлана Ціцікша – чаканы чалавек на полі.
Міхаіл Сакун.