Талент быць шчаслівымі. У Ляхавіцкім раёне выбралі лепшую мнагадзетную сям’ю

Статус лепшай мнагадзетнай сям’і раёна – у Бурымскіх.

Адзін, два, тры, чатыры, пяць – пачынаем выбіраць! У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры прайшоў раённы агляд-конкурс на лепшую мнагадзетную сям’ю. Было ўрачыста, сардэчна і вельмі шчыра – сапраўднае свята сямейных каштоўнасцей і традыцый. Бацькі і дзеці ў творчых іспытах прыадкрылі сакрэты шчасця сваіх дружных пяцёрак (менавіта столькі чалавек у кожнай сям’і канкурсантаў), расказалі пра захапленні і прадэманстравалі таленты, прэзентавалі выставы ўласнаручных вырабаў.

Шчыра вітала канкурсантаў, іх групы падтрымкі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая адзначыла, што ў нашым раёне колькасць мнагадзетных сем’яў павялічваецца і сёння іх ужо 395. Усе яны адчуваюць важкую дзяржаўную падтрымку.
Арганізатарам конкурсу, у якім спаборнічалі чатыры сям’і, выступіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Атмасфера ў зале была добразычлівай, душэўнай, і нават журы ўсяляк падтрымлівала ўсіх кандыдатаў на перамогу.

Бурымскія

Сяргей і Лідзія Бурымскія з Вялікай Лотвы – тройчы бацькі. Старэйшай Дар’і сем гадоў, Ульяне – тры, а першы дзень нараджэння малодшага Мікіты адзначалі летась 19 кастрычніка.
Дзяўчынкі ўжо сапраўдныя памочніцы: пальюць кветкі, прыбяруць і паняньчацца з брацікам. Разам з татам упрыгожылі кватэру да прыезду мамы з раддома мноствам каляровых шарыкаў.
Дзеля развіцця дзяцей Бурымскія не шкадуюць ні часу, ні сіл. Лідзія ці Сяргей садзяцца за руль аўтамабіля і вязуць дзяўчынак на танцавальныя заняткі ў Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў. А яшчэ падарожнічаюць сям’ёю па Беларусі. Асабліва любяць паездкі ў Белавежскую пушчу, прычым у любы час года. Нярэдкія прагулкі ў лес, дзе пакідаюць на пянёчках ласункі для звяроў, з татам ходзяць на рыбалку. А ў адным з пакояў іх кватэры сцяна белая – дзеці малююць на ёй, чым душа пажадае: крэйдай, фламастарамі, алоўкамі.
Усе свае творчыя здольнасці Бурымскія ўклалі ў стварэнне конкурснай візітоўкі – сцэнарый, вершы аўтарства Лідзіі. На сцэне сям’я танцавала, спявала, з азартам адказвала на пытанні, і нават маленькі Мікіта трымаўся стойка.

Бойка

Ляхавічане Алена і Вячаслаў Бойка разам 18 гадоў. На пытанне, ці цяжка выхоўваць трох дачок, даюць адмоўны адказ. Іх дзяўчаты, гавораць, самастойныя, добрыя гаспадынькі. Аня вучыцца ў Пінскім аграрна-тэхналагічным каледжы – прафесію выбірала, наглядзеўшыся на бацькоў, якія працуюць на малочнатаварнай ферме «Шавялі» ААТ «Жарабковічы». Дзяўчына да ўсяго іграе ў Пінскім народным маладзёжным тэатры «Візаві». Пятнаццацігадовая Валерыя таксама любіць песні, добра вучыцца ў
СШ № 2. Трэба – сустрэне першакласніцу Ангеліну з гімназіі, дапаможа з урокамі.
А Ангеліна захапляецца арыгамі і спецыяльна для конкурсу зрабіла некалькі цікавых работ.

Грачыха

Сям’я Аляксандра і Таццяны Грачыха жыве ў аграгарадку Тальмінавічы. Таццяна зараз у водпуску па доглядзе за двухгадовым сынам Савеліем, да гэтага працавала медсястрой у Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Дачка Мілана вучыцца ў 9 класе і так натхнілася татавай работай (ён служыць у РАНС, майстарскі водзіць спецмашыну), што хоча працягваць навучанне ў класе МНС (такі ёсць у адной з баранавіцкіх школ). Яна займаецца спортам і часта ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах. Тата прыклад ва ўсім і для шасцікласніка Сямёна.
Бацькі трымаюць немалую гаспадарку, а дзеці з жаданнем стараюцца ім дапамагаць. На конкурсе брат з сястрой заліхвацкі танцавалі – хоць на біс выклікай.
Па выхадных у сям’і па заведзенай яшчэ ад бабуль-дзядуль традыцыі вараць верашчаку, пякуць бліны і за агульнай размовай праводзяць шмат часу.

Марцінкевічы

–Тата гаворыць, што ў нас самая лепшая мама, – расказвае са сцэны васьмігадовая Алеся Марцінкевіч. Пра сваіх бацькоў Святлану і Уладзіміра дзяўчынка расказвае з гонарам, да яе з вершаванымі прызнаннямі далучаюцца сямігадовы Жэня і чатырохгадовы Лёша.
Тата працуе на кансервавым заво-
дзе, мама – у паліклініцы. Марцінкевічы – сям’я спартыўная: адпраўляюцца на веласіпедныя прагулкі, займаюцца на стадыёне, малююць, танцуюць. Усе свае таленты прэзентавалі на сцэне і нікога не пакінулі раўнадушнымі. Падтрымаць Марцінкевічаў прыйшлі не толькі родныя, але і настаўнікі з СШ № 1, у якой вучацца рабяты.
На конкурсе ўразіла тая атмасфера сямейнай еднасці, якая адчувалася ва ўсім, а яшчэ ўменне рабіць усё. Напрыклад, татам давялося спавіваць лялек, а мамам завязаць вузлы на доўгай вяроўцы. Па выніках шасці іспытаў лепшай прызнана сям’я Бурымскіх.
Прыемным момантам свята стала ўручэнне падарункаў ад шматлікіх спонсараў. Порцыю пазітыву, цудоўнага настрою дабавіла і выступленне самадзейных артыстаў, якое ўпісалася ва ўрачыстасць прыгожым і бадзёрым штрыхом.

На сцэне – шчаслівыя пяцёркі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.  БОЛЬШ ФОТА ТУТ