Герой тыдня – лес

З 13 па 20 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў Беларусі пройдзе акцыя «Тыдзень лесу-2019». Лесаводы рэспублікі прысвячаюць яе Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падчас «Тыдня лесу-2018» у красавіку мінулага года ў нашым раёне шчыравалі 323 чалавекі: 117 юнакоў і дзяўчат, школьнікаў, 206 прадстаўнікоў працоўных калектываў.
Вучні Крывошынскай, Ліпскай, Малагарадзішчанскай, Тальмінавіцкай і Востраўскай школ, члены БРСМ ад душы ўдзельнічалі ў акцыі. Усе разам сябры зялёнага сябра заклалі ў раёне 25,9 гектара будучага лесу. Акрамя гэтага наведзены парадак на падведамасных тэрыторыях лясгаса, уздоўж прыдарожных палос (17 гектараў) і лясных насаджэнняў каля дзіцячага аздараўленчага лагера (10,3 гектара), каля помнікаў у дзяржлесфондзе (5,2 гектара).
У рамках рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» сёлета ўпершыню прадугледжана правядзенне конкурсу сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ім прапануецца далучыцца да справы ўсёй школай або асобнымі класамі. Па выніках Тыдня лесу Брэсцкае ДВЛГА вызначыць і адзначыць самых актыўных удзельнікаў акцыі.
Ляхавіцкі лясгас запрашае прыняць удзел у акцыі ўсіх, каму не абыякавы лёс нашых лясоў, нашай прыроды, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, як ствараецца, зберагаецца зялёнае царства, і асабіста прымножыць гэтае багацце краіны.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў акцыі ажыццяўляецца ў лясніцтвах і лясгасе.
Міхаіл СВІСТУН,  дырэктар лясгаса.