Запісацца на прыём да ўрача

Штодня на амбулаторны прыём да ўрачоў райпаліклінікі звяртаюцца дзясяткі пацыентаў. Заказаць талон сёння не праблема – можна непасрэдна ў рэгістратуры, можна па тэлефоне ці праз інтэрнэт.
Майце на ўвазе, што рэжым работы рэгістратуры паліклінікі і запісу на прыём да ўрача наступны: у будныя дні – з 7.30 да 20.00, па суботах – з 9.00 да 15.00, нядзеля і святочныя дні – выхадны.
Ажыццяўляецца запіс і па інтэрнэце (talon.by), такім чынам можна заказаць талон на прыём да любога ўрача-спецыяліста з 10 гадзін раніцы, ці па тэлефонах рэгістратуры 6-39-03, 6-39-04; жаночая кансультацыя – 2-20-20; дзіцячая кансультацыя – 2-15-33 і 2-15-38.
Пацыентам, якія заказалі талон па тэлефоне або праз інтэрнэт, трэба звяртацца ў кабінет урача, мінаючы рэгістратуру. Праходжанне флюараграфіі, для жанчын агляд урача-гінеколага, для моцнай паловы – мужчынскі аглядны кабінет абавязковыя.
З 1 красавіка працуюць сем участкаў урача агульнай практыкі і чатыры гінекалагічныя ўчасткі. Інфармацыю пра ўчастковага ўрача можна ўдакладніць у рэгістратуры, на інфармацыйным стэндзе каля рэгістратуры, на сайце Ляхавіцкай ЦРБ (lcrb.by).
Прыём пацыентаў вядзецца ўрачамі з 8.00 да 20.00 і ажыццяўляецца строга па ўчастках, у тым ліку ў амбулаторыях урача агульнай практыкі. Запіс сельскіх жыхароў да ўрачоў-спецыялістаў паліклінікі будзе ажыццяўляцца толькі па накіраванні ўрача агульнай практыкі. У выпадку яго адсутнасці ў амбулаторыі прыём сельскіх пацыентаў будуць весці памочнікі ўрача паліклінікі. У экстранных выпадках памочнік урача забяспечыць накіраванне на дадатковае медыцынскае абследаванне і кансультацыю неабходных спецыялістаў.
У сувязі з пераходам на электронную медыцынскую карту для афармлення ідэнтыфікацыйных медыцынскіх пластыкавых карт і выпіскі электронных рэцэптаў першасны прыём пацыентаў у рэгістратуры паліклінікі ажыццяўляецца строга па пашпартах, дзяцей, пры адсутнасці пашпарта, – па прад’яўленні пасведчання аб нараджэнні.
Актывацыя электроннай медыцынскай пластыкавай карты адбываецца праз некалькі хвілін пасля атрымання. Электронны рэцэпт на лекавыя сродкі можна атаварыць у аптэцы праз 10 мінут пасля выпіскі. Скідка на лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці складае 5 працэнтаў, на лекі імпартнай вытворчасці – 2 працэнты.
Па выніках апытання жыхароў аднаго з раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе раней укаранілі аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Электронны рэцэпт», большасць рэспандэнтаў ведаюць пра яе зручнасць, хацелі б купляць лекавыя прэпараты па электронным рэцэпце і карыстаюцца гэтай паслугай. Большую частку апытаных прыцягвае наяўнасць скідкі, эканомія часу і грошай, а таксама магчымасць бясплатнага атрымання ці абмену карты замест страчанай. Задавальняе і той факт, што электронныя рэцэпты чытаемыя.
Георгій ХЛЯБОВІЧ,
галоўны ўрач
Ляхавіцкай ЦРБ.