Шматкватэрнікі для крылатых. Тысяча шпакоўняў раскватаравалася каля аўтобуснага прыпынку «Падсаколле» ў вёсцы Вялікае Гарадзішча Ляхавіцкага раёна

Ляхавічы – гэта дзе?
Там, дзе размясцілі цэлы птушыны гарадок з тысячы шпакоўняў!
Бярыце ў рукі фотаапарат, білет да аўтобуснага прыпынку з красамоўнай і невыпадковай цяпер для гэтага месца назвай «Падсаколле» і наперад – за ўражаннямі і пазітыўнымі эмоцыямі.
Мясцовыя жыхары расказваюць, гэта кропка на карце таму так і называецца, што сюды раней зляталася шмат птушак, асабліва сокалаў. Цяпер жа тут вялікае наваселле, і нецярплівыя крылатыя ўжо прымералі новыя домікі.

Дрэвы каля Вялікага Гарадзішча проста ўсыпаны рознакаляровымі шпакоўнямі – выгляд сапраўды неверагодны. А якая прыгажосць тут будзе летам, калі ўсё зацвіце і… цяпер ужо заспявае. Можна проста прыязджаць сюды парэлаксаваць пад спевы навасельцаў.
Старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак радуецца, што на яго падначаленым участку з’явіліся такія галасістыя жыхары, і ўпэўнены, хутка месца з тысячай шпакоўняў з’явіцца на здымках турыстаў з усёй Беларусі.
Каляровы настрой не толькі птушкам, але ўсім хто праязджае па дарозе Івацэвічы-мяжа Расіі (Р43), падарылі вучні з 15-ці ўстаноў адукацыі раёна – яны галоўныя будаўнікі. Школьнікі за справу ўзяліся сур’ёзна: тысяча шпакоўняў – важкі ўдзел у абласной акцыі «Падтрымаем птушак», якая праходзіла з 28 снежня па 5 красавіка.
І яшчэ варта дадаць: аднатыпнасць – не пра гэту птушыную падзею. Можна не адну гадзіну разглядаць усе домікі і дзівіцца ідэям, якія школьнікі ўвасобілі ў дызайн: ёсць і ў выглядзе бочкі з мёдам, гадзінніка, лясных жывёл і нават з выявай гарадской фартэцыі. Музей шпакоўняў пад адкрытым небам з  кругласутачным графікам і галасістымі экскурсаводамі запрашае!
Самыя арыгінальныя домікі для птушак атрымаліся ў вучняў СШ № 2 і Крывошынскай школы. Яны – пераможцы конкурсу на лепшыя шпакоўні.
У якасці ўсталёўшчыкаў і дызайнераў гэтага асяроддзя для крылатых сталі работнікі камунгасу, райаграсэрвісу і малагарадзішчанскія школьнікі. Апошнім, дарэчы, пашчасціла зрабіць «падсакольскі» гарадок і рознакаляровым. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўспамінаюць, як школьны двор быў часова запоўнены васьмю сотнямі шпакоўняў, якія яны размалявалі.
Прыклалі руку да ўзвядзення крылатага гарадка лясгас і ТАА «Белпрамтрэйдынг» – забяспечылі будматэрыяламі.
Такі будаўніча-творчы дэсант, ды яшчэ ў Год малой радзімы, – цудоўны прыклад, як агульнымі намаганнямі людзей розных узростаў, прафесій, захапленняў можна прызнацца ў любві да сваёй зямлі.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ