Сеанс дзіцячых забаў. Кінатэатр «Кастрычнік» запрасіў юных ляхавічан на гульню

Такой колькасці прыпаркаваных каля ўваходу дзіцячых калясак кінатэатр «Кастрычнік», напэўна, не бачыў ніколі, а маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў – хіба толькі ў мінулым стагоддзі на паказе самых папулярных мультфільмаў.
Ажыятаж меў цалкам рацыянальнае тлумачэнне: работнікі кінатэатра, у рэшце рэшт, успомнілі пра землякоў-малышоў і арганізавалі для іх забаўляльную праграму. Знайшлі спонсараў (ляхавіцкіх прадпрымальнікаў), прыдумалі сцэнарый, а тутэйшыя работнікі перакваліфікаваліся ў артыстаў і візажыстаў. Інжынер Алена Клетаніца выдатна справілася з роллю скамароха, дырэктар кінатэатра Яўгеній Жабрун не горш любога мастака размалёўваў твары хлопчыкаў і дзяўчынак, былая работніца Вольга Есіс вырашыла падтрымаць калег і ўвогуле ўсё арганізавала. У выніку – аншлаг, за білетамі чарга. Для мнагадзетных сем’яў – уваход бясплатны.
На прадстаўленні было надзвычай весела: конкурсы, гульні, батут – забавы для дзяцей ад года і старэйшых.
– Задаволены, што прыйшлі сюды з сынам. У нашым горадзе не надта шмат падобных прапаноў. А тут такі выдатны шанц, як ім не скарыстацца. Майму Мацвею падабаецца, – гаворыць ляхавічанка Таццяна Маляр.
Лідзія Бурымская прыйшла з трыма дзецьмі:
– Здорава! Лічу, што такія праграмы павінны быць хаця б штомесячнымі. Можна прыдумаць і іншыя формы. А пакуль дзеці займаюцца нечым цікавым, мы, мамы, можам падзяліцца адна з адной вопытам.
Прапанова прагучала і ад Ганны Маслоўскай:
– Каб яшчэ падборку мультфільмаў паказалі – зусім добра б было. Мае, напрыклад, вельмі чакалі мульцікаў, марылі пагля-дзець іх на вялікім экране.
Слушная заўвага: на тое ён і кінатэатр, каб дэманстраваць у ім фільмы, у тым ліку і мультыплікацыйныя.
Акрамя іншага, жадаючыя маглі паласавацца марожаным, сокамі, іншымі ласункамі ў кафэ, якое размясцілася ў фае «Кастрычніка».

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.