Тэма размовы — адукацыя

«Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да навучальнага года» — так гучала тэма чарговага адзінага дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў у чацвер, 23 жніўня. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам пабывала ў лясгасе.
Яўгеній Нікадзімавіч адзначыў, што сустрэча адбываецца напярэдадні важнай падзеі — выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ён падкрэсліў, што ў раёне многае робіцца для паляпшэння якасці жыцця людзей, будуецца жыллё, плануецца рэканструкцыя паліклінікі, выдзяляюцца сродкі на адукацыю, ахову здароўя, культуру, адкрываюцца сацыяльна-значныя аб’екты.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса звярнуў увагу на тое, што ў новым навучальным годзе ў раёне будуць функцыянаваць 48 устаноў адукацыі, у якія прыйдуць вучыцца 3137 дзяцей. Сёлета адбылася аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна: з 1 верасня з-за малой колькасці выхаванцаў закрыты Канюхоўскі вучэбна-педагагічны комплекс, а Галаўнінскі вучэбна-педагагічны комплекс рэарганізаваны ў дзіцячы сад.
Старшыня райсавета падкрэсліў, што ў Ляхавіцкім раёне поўнасцю выконваюцца сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі.
Кожны год з 1 верасня арганізуецца падвоз школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў да месца вучобы. У бібліятэкі ўстаноў адукацыі з пачатку года паступіла 3528 экзэмпляраў кніг.
З 15 чэрвеня ўсе прамысловыя крамы раёна праводзяць пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту. Дарэчы, на рыначнай плошчы райцэнтра 26 жніўня будзе арганізаваны школьны кірмаш.
Работніца лясгаса пацікавілася коштам абедаў для школьнікаў горада ў 2012-2013 навучальным годзе. Яўгеній Юрлевіч паабяцаў адрасаваць пытанне начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Леаніду Калбасе. Адказ будзе надрукаваны на старонках «ЛВ».
Пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч праінфармаваў прысутных аб стане правапарадку ў раёне. Ён адзначыў, што назіраецца станоўчая тэндэнцыя па зніжэнні злачыннасці, засяродзіў увагу на правапарушэннях сярод непаўналетніх, на выкананні бацькамі сваіх абавязкаў перад дзецьмі.
Намеснік начальніка РАНС Уладзімір Радчанка, у сваю чаргу, падкрэсліў, што ўсе ўстановы адукацыі раёна абследаваны работнікамі РАНС, ва ўсіх створаны бяспечныя ўмовы знаходжання. Ён паведаміў, што ў школах пастаянна праводзіцца прафілактычная работа, арганізавана дзейнасць клубаў «Юны выратавальнік».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *