Пра парадак з пазітывам. Інтэрв’ю «ЛВ» з дырэктарам Ляхавіцкай ЖКГ пра парадкавы настрой, прычыны для аптымізму, дапамогу насельніцтва і г.д.

Круглы год камунальная служба трымае экзамен на прафесіяналізм. Акрамя таго, штодня яе інспектуюць і мясцовыя жыхары, і госці райцэнтра. Падтрымліваць парадак, пастаянна дабаўляць нешта новае, эксклюзіўнае ў гарадскі і сельскі інтэр’ер – разам з многім іншым і гэта ўваходзіць у абавязкі работнікаў жылкамунгаса.
Пра парадкавы настрой, прычыны для аптымізму, дапамогу насельніцтва, традыцыю суботнікаў, чыстых чацвяргоў і іншае – у размове з дырэктарам Ляхавіцкай ЖКГ Андрэем ЧАЙКОЎСКІМ.

Красавік стаў сінонімам месячніка добраўпарадкавання. Андрэй Антонавіч, якімі новымі прапановамі парадуюць землякоў камунальнікі ў бліжэйшы час?
– Важна, каб у райцэнтры, аграгарадку ці невялікай вёсцы камфортна і ўтульна было і тутэйшым жыхарам, і гасцям Ляхавіччыны. Стараемся зрабіць нашу зямлю прыгожай, добраўпарадкаванай, са сваімі адметнасцямі. У Год малой радзімы гэта яшчэ больш актуальна.
Хоць прайшло ўжо нямала часу, як Ляхавічы былі сталіцай абласных «Дажынак», па-ранейшаму радуюць вока кампазіцыі, што пакінулі пасля сябе майстры добраўпарадкавання Брэстчыны, штогод дабаўляюцца і свае кампазіцыі.
Напэўна, многія заўважылі на пад’ездзе да райцэнтра з боку Баранавічаў новыя малыя архітэктурныя формы. Яшчэ тыдзень-другі, і яны напоўняцца кветкамі, зазіхацяць рознакаляровыя цюльпаны на плошчах Перамогі, Леніна, каля гасцініцы. Гарадскі ландшафт упрыгожаць 80 туй на пачатку вуліцы Леніна. У двары дома № 48а зманціруем дзіцячую міні-пляцоўку.
Не толькі гарадскім пейзажам абмяжоўваецца карта добраўпарадкавання. Так, у вёсцы Задвор’е паміж дамамі №№ 30 і 32 па вуліцы Камсамольскай з’явяцца чацвёра арэляў, шэсць лавачак, зробленых нашымі майстрамі.
Абноўкі вось-вось размесцяцца ў зонах адпачынку. Левы бераг Ведзьмы аздобіць кампазіцыя «Я люблю Ляхавічы», для зручнасці адпачываючых будуць устаноўлены дзве альтанкі, столькі ж раздзявальняў – на пляжы ў райцэнтры і ў аграгарадку Дарава. Пачалі ўладкоўваць аўтамабільную стаянку і сцяжынку да пляжа.

– Важны складнік добраўпарадкаван-ня – стан дарог. Пра гэта гаварыў Кіраўнік дзяржавы падчас нядаўняга наведвання Брэстчыны. Якія дарожныя планы ў нашай ЖКГ?
– На нашым балансе больш за 56 кіламетраў гарадскіх вуліц. Пасля зімы праблемы асабліва відавочныя. У першую чаргу, займаемся ямачным рамонтам. У планах на 2019 год адрамантаваць такім чынам 340 квадратных метраў. Людзей, тэхнікі, матэрыялаў на прадпрыемстве дастаткова.
З сакавіка па кастрычнік грэйдзіруем дарогі: сёлета плануем прайсці грэйдарам 208 кіламетраў. Акрамя таго, уласнымі сіламі будзем рамантаваць вуліцу Чкалава і мост праз Ведзьму.
З дня на дзень абновім усю дарожную разметку ў горадзе – агульная працягласць 21 кіламетр. На гэтыя мэты, дарэчы, пойдзе 6,3 тысячы рублёў, яшчэ 7 тысяч выдаткавана на нанясенне 73-х пешаходных пераходаў.
Каля гарадскіх школ, гімназіі, дзіцячага сада № 4 па вуліцы Арлоўскага для бяспекі руху будуць усталяваны спецыяльныя пазначэнні, якія свецяцца. Рэстаўрыруем асфальтавае пакрыццё вуліцы Працоўнай. Рыхтуецца праект на рэканструкцыю вуліц Першамайскай і Мінскай.

– Андрэй Антонавіч, для работнікаў камунгаса навядзенне і падтрыманне парадку – прафесійныя абавязкі. Але згадзіцеся: насельніцтва павінна таксама падтрымліваць чысціню ў сваіх дварах, на вуліцах, у населеных пунктах. Які ваш зацікаўлены погляд на гэту акалічнасць?
– Калі кожны з жыхароў будзе хаця б не шкодзіць агульнаму парадку – гэта ўжо плюс. Талакой – куды зручней і, зразумела, больш вынікова. Лічу важнай традыцыю суботнікаў, чыстых чацвяргоў, калі працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў на гадзіну-другую пакідаюць свае рабочыя месцы і шчыруюць на замацаваных тэрыторыях. Той, хто хоць аднойчы падмёў нават невялікі ўчастак вуліцы ці прыбраўся разам з калегамі або сябрамі ў скверы, парку, – не будзе смеціць, ламаць і не дасць гэта зрабіць іншым.
Неабходна па-гаспадарску, беражліва ставіцца да ўжо зробленага і ў сэнсе камфорту, і ў сэнсе эстэтыкі. Зламаныя лавачкі ў скверы, пашкоджаныя дарожныя знакі, павільёны аўтобусных прыпынкаў, тэрыторыя ля фантана, разбітыя ліхтары-«ландышы» – усё гэта «аўтографы» мясцовых жыхароў. Навошта яны так робяць?
Упэўнены, калі кожны з нас не будзе абыякавым, – спыніць вандалаў атрымаецца.

– Кантэйнеры для паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў устаноўлены не толькі ў горадзе, але і ў многіх сельскіх населеных пунктах. З жыхарамі прыватнага сектара камунгас заключае дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў. І пры гэтым, на жаль, колькасць стыхійных сметнікаў не змяншаецца…
– Для збору смецця камунгас устанавіў 254 кантэйнеры, пераважная большасць – у аграгарадках і вёсках, ёсць яны і ў райцэнтры. У горадзе па распрацаваным графіку ва ўсе мікрараёны шматпавярховых забудоў для вывазу смецця выязджаюць спецыялізаваныя машыны. Не абдзелены такой паслугай і жыхары прыватнага сектара – і ў горадзе, і ў вёсках. Па стане на 1 красавіка камунгас заключыў 2637 дагавораў на вываз смецця ў гарадскім прыватным сектары і 4768 – у сельскай мясцовасці.
Тут у нас шмат рэзерваў. Калі ў Крывошынскім сельсавеце з 1172 домаўладанняў дагавор на вываз смецця заключаны з 898, у Жарабковіцкім – з 1167 – 890, то, для параўнання, у Ганчароўскім сельсавеце з 872 гаспадарак дагавор заключаны ў 444, Альхоўскім з 600 – 308 адпаведна.
Для паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў маем у наяўнасці 270 ёмістасцей, 106 з іх – у горадзе.
Наконт несанкцыянаваных сметнікаў. У гэтым пытанні, як ні дзіўна, ёсць праблемы. Часта ля кантэйнераў людзі ўтвараюць сапраўдныя звалкі. Па цэнтральнай ляхавіцкай вуліцы – Леніна – пры ўездзе ў горад на працягу некалькіх гадоў менавіта такая карціна кідалася ў вочы. У кантэйнеры каля агароджы праваслаўных могілак зносілі ўсю непатрэбшчыну жыхары шматпавярховак з вуліц Інтэрнацыянальная і Леніна. Кожную раніцу работнікі ўчастка саначысткі вывозілі не толькі змесціва кантэйнераў, але і накіданае побач. На наступны дзень «смеццевая» карціна зноў паўтаралася. Кантэйнеры пераставілі, але… мяхі са смеццем з’яўляліся тут нейкі час. Камунальнікі звярталіся да насельніцтва з заклікам захоўваць чысціню, інфармавалі пра новае месцазнаходжанне ёмістасцей. Давялося ўстанавіць фотапасткі, каб да парушальнікаў чысціні прыняць меры адміністрацыйнага характару, – за свае непрыгожыя ўчынкі вінаватыя будуць адказваць рублём.
Гэта прыклад, на жаль, не адзінкавы. Праедзьце па раёне і самі ўсё ўбачыце.
Лічу, што з дапамогай санітарнай, прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай службаў, дэпутатаў мы ў рэшце справімся з гэтай праблемай. Тым больш, што пытанне навядзення парадку на Ляхавіччыне знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады.

– Андрэй Антонавіч, скажыце, калі ласка, а ў грашовым выяўленні колькі каштуе, напрыклад, добраўпарадкаванне ў маштабах нашага раёна?
– За сакавік на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, прыдамавых тэрыторый, асвятленне, уборку горада зрасходавана 225 тысяч рублёў.
Яшчэ больш мы маглі б зрабіць для камфорту і зручнасцей людзей, па навядзенні парадку, калі б з намі своечасова разлічваліся за камунальныя паслугі. Па стане на 1 красавіка жылкамунгас не атрымаў ад фізічных асоб 385 тысяч рублёў, з якіх 175 тысяч рублёў – пратэрмінаваная запазычанасць (грамадзяне не плацілі больш трох месяцаў), ад юрыдычных, адпаведна, 1052 тысячы рублёў і 371 тысячу рублёў. Вось і лічыце, хто ў пройгрышы.

– Да чаго вы, як кіраўнік камунальнай службы, хацелі б заклікаць землякоў?
– Давайце разам будзем ствараць і падтрымліваць статус чыстага і ўтульнага еўрапейскага горада. Так важна ведаць, адчуваць і разумець, што ў агульным парадку ёсць такая важкая часцінка і тваёй працы.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.