Не цытрус, хоць і «мандарын». На гэтым тыдні аграрыі Ляхавіцкага раёна прыступілі да сяўбы цукровых буракоў

Многія апошнія гады іх было тры – арганізацыі, што практыкавалі «салодкі» накірунак сельскагаспадарчай дзейнасці: акцыянерныя таварыствы «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Шлях новы» і ў якасці вядучага іграка на цукровым полі – «Жарабковічы». «Вядучасць» пацвярджаецца лічбамі ўраджайнасці і найбольшымі ў раёне пасяўнымі плошчамі.

Як і год назад, сёлетняя плантацыя размесціцца на дзевяці сотнях гектараў, першыя з якіх былі засеяны яшчэ ў мінулы аўторак.
– Галоўнае – тэхналогія, ашчаднасць, якая трымаецца на паўнаце і своечасовасці выканання кожнай з аперацый, дакладнасці работы тэхнікі, канешне, прафесіяналізме і адказным стаўленні да сваіх абавязкаў работнікаў, задзейнічаных у працэсе. Асабліва стаўленні механізатара-сеяльшчыка, – за хвіліны, пакуль службовая «Ніва» пераадольвае адлегласць да цукровай нівы, галоўны аграном ААТ «Жарабковічы» Яўгеній Цярпіцкі паспявае «пасеяць» у галаве карэспандэнта нямала тэматычнай інфармацыі.
Пасяўны падрад у гаспадарцы выконвае Іван Татарыновіч (на здымку). Вопытны, кваліфікаваны, шырока-профільны механізатар. У сезон корманарыхтоўкі ён там, дзе найбольш горача, прыйдзе час сяўбы кукурузы (а адкрыць сезон у гаспадарцы мяркуюць ужо тыдня праз паўтара) – гатовы прычапіць кукурузную сеялку. А пакуль сеялка бурачная, і пра сваю сённяшнюю работу аграрый гаворыць сціпла, коратка, будзённа: пачынаю рана, завяршаю дзень позна. Пара зараз такая.
Але не словы, а справа, яе вынікі з’яўляюцца індыкатарам прафесіяна-лізму любога работніка, у тым ліку і асабліва сейбіта. Роўныя, нібы пад лінейку, рады, якія шлейфам «раскідвае» за сабой сеялка, могуць служыць таму пацвярджэннем.
Ды і сама сеялка зусім не з’яўляецца слабым звяном салодкага пасяўнога ланцуга ААТ «Жарабковічы». Зарэкамендаваць сябе практычна яна паспела яшчэ летась, выцягнуўшы на сваіх плячах-раме прыкладна палову буракапасяўных работ. Задача на сёлетні сезон для «Моны» ўскладнілася прыкладна на трэць да ўзроўню леташняга. Для астатніх прыстасаваных пад буракі агрэгатаў застанецца зусім няшмат пасяўных плошчаў – як правіла, дробнаконтурных палёў.
У чым перавагі першай? Высокапрадукцыйная, высокадакладная ў раскладванні і глыбіні задзелкі насення. Усё гэта – дружныя ўсходы, што немалаважна для будучага ўраджаю. Яшчэ, па словах галоўнага спецыяліста, сеялка трывала супрацьстаіць такой непрыемнасці, як засмечванне сашнікоў, і мае некаторыя іншыя са знакам плюс моманты.
Але тэхналогія патрабуе тандэмнай работы, калі выхаду сеялкі папя-рэднічае работа камбінаванага шыроказахватнага агрэгата.
– Для бурака асабліва важна, каб поле было роўным. АКШ ад сеялкі далёка не адпускаем, каб не перасыхала і без таго небагатая на вільгаць глеба, – тлумачыць падрабязнасці «салодкай» сяўбы Яўгеній Цярпіцкі.
Што датычыць сартоў, «Жарабковічы» працуюць толькі з гібрыдамі. У гэтым годзе іх будзе не менш за сем найменняў. З рознымі тэрмінамі выспявання, неаднолькавымі якаснымі і патэнцыяльна колькаснымі характарыстыкамі. Назвы гучаць песняй: «лімузін», «шкіпер», «моллі». Аднак сёння і зараз працуюць з «мандарынам».
Яўгеній Цярпіцкі тлумачыць расклад:
– Гэта ранні гібрыд. Адрозніваецца высокай цукрыстасцю, якая можа дасягаць 20-ці і больш працэнтаў. З гэтых палёў і пачнём пасля ўборку, спецыяльна пад першачарговыя – раннесезонныя – патрэбы прадпрыемства-перапрацоўшчыка. А апошнім на пасяўной салодкай сцэне з’явіцца «моллі» – сорт позні, найбольш высокаўраджайны, аднак менш салодкі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.