Гэта наша Брэсцкая крэпасць

І ў дзяцінстве ёсць моманты, якія застаюцца не эпізодамі жыцця, а яркімі, хвалюючымі серыямі. Як гараць вочы ў школьнікаў, калі ім павязваюць піянерскі гальштук! Адразу адчуваецца нейкая ўпэўненасць, самастойнасць, важнасць. У СШ №1 райцэнтра пасля клятвы піянера ў пяцікласнікаў абавязковы маршрут — экскурсія ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».
Любоў да Радзімы, роднага краю настаўнікі выхоўваюць у рабят не толькі ў школьных сценах і не толькі на ўроках.
У памяці ўсплываюць радкі з кнігі «Брэсцкая крэпасць на вятрах гісторыі «: » Калі гавораць пра мужнасць, ўспамінаюць Брэст, калі гавораць пра выпрабаванні, ўспамінаюць Брэст, калі гавораць пра жыцці, аддадзеныя за нашу зямлю, ўспамінаюць Брэст».
Брэсцкая крэпасць… Зямля, абпаленая вайной. Асцярожна, нібы баючыся парушыць цішыню, ступаеш на пунсовую дарожку мемарыяла. Зоркападобны праём уваходу, голас Левітана «Сегодня в 4 часа утра, без объявления войны…», песня «Свяшчэнная вайна», гукі стральбы і бамбёжкі — і цябе перапаўняе мноства пачуццяў. Паўстаюць вобразы дзяцей, якія ў пошуках дапамогі цягнуць рукі да матуль, уяўляеш юнакоў нявопытных, у момант пасталеўшых; адчай жанчын і суровыя позіркі мужчын.
Кампазіцыя «Смага» — постаць салдата, які паўзе да вады з каскай у руцэ, — увасоблены ў мастацкі вобраз прыклад стойкасці, мужнасці і нязломнасці народа. У першыя дні вайны было надзвычай спякотна. Вада неабходна як людзям, так і тэхніцы. Здавалася: вось яна — рака… Колькі байцоў загінула, спрабуючы здабыць хоць крыху вады… Сёння нашы сучаснікі апускаюць у працягнутую ўперад каску кветкі — як знак павагі і памяці.
Экскурсія па музеі абароны Брэсцкай крэпасці — урок мужнасці. Сціскаецца сэрца ад таго, што бачыш тут, што чуеш. Здаецца, экспанаты самі апавядаюць сваю гісторыю.
Сёння тут юнармейцы штодня нясуць ганаровую вахту Памяці. Іменна ў крэпасці найбольш выразна бачыцца сувязь пакаленняў, тая непарыўная ніць, якая звязвае будучыню з мінулым.
У пачатку жніўня, напрыклад, у Брэсцкай крэпасці адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння аднаго з удзельнікаў абароны Самвела Мацевасяна.
Жыхарам Брэстчыны не трэба ехаць за сотні кіламетраў на сустрэчу з гісторыяй. Вобласць — адна з багацейшых на славутасці і помнікі. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» займае сярод іх асаблівае месца. Сюды, каб дакрануцца да гераічнай зямлі цытадэлі, прыязджаюць з розных куточкаў свету, тут адбываюцца ўрачыстыя і афіцыйныя мерапрыемствы. Адметна, што іменна ў крэпасці ў 2008 годзе сустракаліся кіраўнікі дзвюх краін — Беларусі і Расіі.
…Подзвіг народа, здзейснены ў Вялікай Айчыннай, не мае тэрміну даўнасці. І пачынаўся ён на світанку 22 чэрвеня 1941 года тут — у Брэсцкай крэпасці.
Пабывайце. Пакланіцеся. Помніце.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *