Прыцягальнасць малой радзімы. Якой прыцягальнасцю павінен валодаць населены пункт, каб выпускнікі ВНУ, каледжаў, ліцэяў хацелі ў яго вярнуцца і замацавацца

Якой прыцягальнасцю павінен валодаць населены пункт, каб выпускнікі ВНУ, каледжаў, ліцэяў хацелі ў яго вярнуцца і замацавацца. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы старшыні райвыканкама Аляксандра Камінскага з выпускнікамі школ раёна.
Кіраўнік раёна пажадаў ім стаць высакакласнымі спецыялістамі, якія будуць любіць сваю справу. Такія кадры знойдуць сябе ў любым горадзе незалежна ад маштабу. І дадаў: асабліва іх чакаюць дома, на малой радзіме.
Старшакласнікі разважалі-цікавіліся пра перспектывы пры размеркаванні ў Ляхавічы. Мы ўлічваем, што з развіццём гастранамічнага, медыцынскага, аграсядзібнага, экскурсійнага, забаўляльнага турызму ў раёне патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах узрастае.
Працаваць і жыць у райцэнтры не менш цікава і перспектыўна, чым у абласным горадзе ці сталіцы. Што і даказалі на сваім прыкладзе маладыя ляхавічане, якія пасля вучобы размеркаваліся на Ляхавіччыну. Сёння яны дзеляцца сваімі гісторыямі з «ЛВ».

Марыць трэба моцна

Загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі райбальніцы Сяргей Памазанскі.

А яшчэ ісці намечаным і ўпэўненым крокам да сваёй мэты. У гэтым перакананы загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі райбальніцы Сяргей Памазанскі. Як і ў тым, што менавіта ў нашым райцэнтры ён ажыццяўляе свае планы і спраўджвае спадзяванні. Атрымліваецца гэта ў яго выдатна.
Аўтарытэт урача Памазанскага падмацаваны красамоўным падмуркам. Да сваёй мэты – апрануць белы халат і практыкаваць – ішоў доўга і мэтанакіравана. Спачатку паступіў у Баранавіцкае медвучылішча, дзе атрымаў дыплом фельчара-акушэра. Але на гэтым не спыніўся і стаў студэнтам Гродзенскага медуніверсітэта. Было шмат варыянтаў для размеркавання, але вельмі хацелася дадому і хутчэй прыступіць да працы.
Запомнілася фраза Сяргея Памазанскага: нідзе вас так не чакаюць, як дома. Паняцце «дом» у яго разуменні гэта не ўласныя квадратныя метры, а зямля, дзе жывуць твае людзі. Глядзіш на яго, слухаеш бясконцыя расказы пра будні ўрача і разумееш: ён атрымлівае кайф ад таго, чым займаецца. Хоць і гаворыць, што лячыць землякоў удвая больш адказна. Самаадукоўвацца не перастае: напрыклад, прайшоў спецыяльныя медкурсы і засвоіў методыкі ультрагукавога даследавання.
– У маленькім горадзе на цябе робяць стаўку, спадзяюцца. І што не менш важна, побач заўсёды ёсць той, хто падкажа, параіць і не толькі ў прафесійным плане. Напрыклад, адчувальная падтрымка з жыллёвым пытаннем – арэндная кватэра. А калі наскучыць гарадская мітусня, еду ў Ліпск да бацькі – там адпачываю і душой, і думкамі, – разважае Сяргей.
Калі хтосьці думае, што вярнуцца працаваць у маленькі горад значыць прывязаць сябе да яго і нікуды не выязджаць, Сяргей Памазанскі раіць успомніць, што толькі лянівы будзе скардзіцца і ныць, другі ж набудзе білет і адправіцца на дзень-другі, напрыклад, у сталіцу. Невялікі райцэнтр не забараняе падарожнічаць.

Педагагічная мара стала агранамічнай

В. а. начальніка ўчастка райаграсэрвіса Кацярына Кулак.

Два гады назад на райаграсэрвісаўскіх жніўных палетках збірала інфармацыю пра ход уборачнай у гаспадарцы. Пагаварыла з механізатарамі, зрабіла фотаздымкі. Камбайнеры кажуць: зараз прыедзе брыгадзір, раскажа пра ўсё ў асобах і лічбах.
Брыгадзірам аказалася мілая дзяўчына Кацярына Кулак. Не губляючы часу, коратка, але з веданнем справы расказвае пра незасеяныя гектары, на колькі працэнтаў выканалі план, пра свае спадзяванні і мары…
Дарэчы, яе няспраўджанае жаданне стаць педагогам наблізіла і паказала, што марыла яна зусім пра іншае. Паступіць у пед не атрымалася, і дзяўчына стала навучэнкай Ляхавіцкага агракаледжа. Тут, прызнаецца, і зразумела – яе надзвычай захапляе плодаагароднінаводства. Старалася вучыцца не проста, як гаворыцца, дзеля дыплома, а, у першую чаргу, каб стаць выдатным спецыялістам. Да вытворчых практык падышла адказна, на поўным сур’ёзе да даверанага ўчастка работы. І яшчэ навучэнкай каледжа стала… брыгадзірам у райаграсэрвісе.
– У нейкі момант злавіла сябе на думцы, што хачу разбірацца ў агранамічнай сферы яшчэ лепш, унікнуць ва ўсе нюансы і дэталі. Гэта падштурхнула працягнуць адукацыю ў БарДУ па агранамічнай спецыяльнасці. У працы галоўнае – зацікаўленасць і жаданне, – расказвае Кацярына.
Яе прыклад пацвярджае: райцэнтр – не значыць адсутнасць перспектыў. Наадварот, кампетэнтных, дыпламаваных, зацікаўленых чакаюць і цэняць у рэгіёне, даюць магчымасць для ўдасканалення і росту. Кацярына прызнаецца, што ў яе ёсць усе складнікі, каб быць шчаслівай:
– Мне толькі 27, а колькі ўсяго наперадзе, – усміхаецца в. а. начальніка ўчастка райаграсэрвіса.

Ляхавічы – і кропка

Майстар па рамонце і абслугоўванні электратэхнічнага абсталявання Ляхавіцкага льнозавода Антон Маслоўскі.

Менавіта так і сказаў сабе цяпер ужо майстар па рамонце і абслугоўванні электратэхнічнага абсталявання ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Антон Маслоўскі, калі студэнтам праходзіў вытворчую практыку на гэтым прадпрыемстве.
Вучнем Альхоўскай школы тут падпрацоўваў у час летніх канікулаў. Назіраў за тэхнічным працэсам, знаёміўся з калектывам, хацеў дэтальней разабрацца ў вытворчасці льну. І выбраў спецыяльнасць… інжынера па радыёэлектроніцы. З першым працоўным месцам пытанняў не ўзнікала: Ляхавічы і гэта прадпрыемства.
– Для мяне Ляхавічы сталі выдатнай стартавай кропкай у кар’еры. Адказны ўчастак работы, жаданне не падвесці свайго кіраўніка, добрыя ўмовы працы – гэта ўсё перавагі працаўладкавання ў невялікім населеным пункце, – Антон перакананы, што не памыліўся.
Вяртанне дадому пасля вучобы ў Брэсце ні ў якім разе не палохала. Наадварот, прызнаецца, дома намнога прасцей пачынаць працоўную біяграфію. Так і адбылося.
З калектывам пашанцавала – з многімі знаёмы яшчэ са школьных падпрацовак і практык. Справу разбіраў да дробязяў. Кіраўніцтва даверыла яму працаваць у новым цэху. Успамінае, як год назад давялося разам з калегам пакарпець над выйшаўшым са строю абсталяваннем, каб наладзіць лінію перапрацоўкі льну. Такія задачы – як выклік сабе, гаворыць 22-гадовы малады майстар. Дарэчы, вытворчы працэс тады аднавілі аператыўна. А ўпартасць і мэтанакіраванасць майстар лічыць важнымі якасцямі паспяховага спецыяліста.
У Вялікай Лотве Антона заўсёды чакаюць любімыя жонка Марына і дачка Васіліса. Яго другая палавінка ў самым прыемным адпачынку – па доглядзе за дзіцем, а раней працавала інжынерам-праграмістам таксама на льнозаводзе. Дарэчы, Антон і Марына аднагрупнікі.
– Ляхавічы падарылі вельмі многа добрага з таго, што ёсць у маім жыцці: столькі незабыўных і непаўторных момантаў. У вёсцы мы набылі дом, купілі аўто. Круцімся-намагаемся, марым і загадваем на будучыню. А планаў у нас шмат. І першы пункт – быць шчаслівымі!

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.