Цынічная нажыва. У Ляхавіцкім раёне пенсіянерка стала ахвярай махляроў


Днём у сераду ў вёсцы Патапавічы ў дом 87-гадовай пенсіянеркі зайшлі дзве незнаёмыя  жанчыны. Спыталі, ці можа яна прадаць бульбу, а затым прапанавалі  набыць у іх пасцельную  бялізну.  Некалькі  камплектаў абышліся добразычлівай гаспадыні ў… 4130 рублёў, што ў дзясяткі разоў перавышае іх рэальны кошт, расказаў рэдакцыі начальнік раённага аддзела Следчага камітэта  Віталій Лабанаў.
Калі да вяскоўкі прыехалі дачка з зяцем і яна пахвалілася пакупкай, тыя адразу патэлефанавалі ў міліцыю.
Узбуджана крымінальная справа па частцы 2 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства), вядзецца расследаванне.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў раяць не пускаць у дом незнаёмцаў і не быць залішне даверлівымі. Не купляць з іх рук тавары, адмаўляць у размене грошай, не прымаць прапанову розных паслуг і паведамляць пра такія факты ў міліцыю. Злодзеі могуць пранікнуць у дом і пад выглядам прадстаўнікоў розных службаў. Папрасіце іх прад’явіць дакументы і пацікаўцеся ў адпаведнай арганізацыі, ці працуюць у іх такія работнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.