Кароль з Мядзведзіч

Вялікі Моцарт назваў арган каралём музычных інструментаў.
Такая «каралеўская асоба» ёсць у вясковым касцёле

Ці не галоўная славутасць вёскі Мядзведзічы – касцёл святых Пятра і Паўла, пабудаваны ў пачатку дваццатага стагоддзя. Для недасведчаных патлумачым: тутэйшы касцёл – гэта цэлая гісторыя, гэта помнік архітэктуры, на якія багатая наша зямля. А ў глыбіні манументальнага фасада таіцца «душа» і «голас» касцёла – адзіны ў раёне арган.

Дакладна ніхто не скажа, калі ён з’явіўся ў храме. На ім стаіць дата – 1936 год. Тое, што бачаць прыхаджане пры набажэнствах, – толькі фасад аргана. За ім хаваецца прасторнае памяшканне, напоўненае трубамі і механікай.
– Арган – складаны музычны інструмент, гучанне ў яго адметнае, яго не паблытаеш ні з якім іншым, – гаворыць настаяцель касцёла святых Пятра і Паўла ксёндз Юрый Медушэўскі.
Арганісту трэба мець пэўную падрыхтоўку. Своеасаблівасць у тым, што пры ігры задзейнічаны і рукі, і ногі. А інструмент паводзіць сябе, як жывы арганізм: у няўмелых руках не атрымаецца велічнага гучання.
– Да нядаўняга часу арганную музыку можна было пачуць у храме кожную нядзелю. Але арганістка памяняла месца жыхарства, прыязджае толькі на вялікія святы, – расказвае ксёндз Юрый Медушэўскі.
Інструмент разам з касцёлам перажыў Вялікую Айчынную вайну. Былі розныя часы, але, на шчасце, яго збераглі.
Яшчэ школьніцай я пабывала на канцэрце арганнай музыкі ў Полацку. Тыя дзіцячыя ўражанні жывуць ва мне і цяпер: велічныя гукі, жаданне слухаць іх яшчэ і яшчэ, ты нібы апынаешся ў іншым вымярэнні… і вяртаешся ўжо зусім іншым чалавекам.
Цяпер мару пачуць арган Мядзведзіцкага касцёла. Буду чакаць гэтага спаткання – з такім узвышаным і такім зямным.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.