Не сад – фруктовы лес. У сям’і Жураўскіх дзве малыя радзімы – Нараўляншчына і Ляхавіччына

Мінула ўжо больш за чвэрць стагоддзя, як Аляксандр Адамавіч Жураўскі стаў ляхавічанінам. Тут пабудаваў дом. «Ужо не горад, яшчэ не вёска, – кажа пра сваю Вялікую Лотву. Разам з жонкай Людмілай Сцяпанаўнай выхавалі дачку і двух сыноў. А колькі дрэў пасадзілі! Калі б сабраць іх разам, атрымаўся б не сад нават – фруктовы лес. Пра гэта сваё захапленне, душэўны рэлакс ён гатовы гаварыць бесперапынна, з іскрынкай у вачах, нотамі захаплення ў голасе і, канешне, з веданнем справы – аграном.

– Вось на гэтым дрэве сабраны грушы пяці сартоў. Спецыяльна пасадзіў пры самай вуліцы: чалавек будзе ісці, убачыць, сарве. Калі ласка! А тут гадавальнік карлікавых яблыняк, уздоўж плота – паўкарлікавыя дрэвы. Так густа яны расці не павінны. Гэта каб можна было выкапаць і аддаць саджанец іншым, для перасадкі, – праводзіць аглядную экскурсію сваіх садова-агародных уладанняў Аляксандр Адамавіч.
На самай аддаленай лакацыі прысядзіб-ных сотак абсталяваны пчальнік. Пра яго насельнікаў гаспадар таксама ведае ўсё і нават крыху больш. Ужо будуе планы: калі, куды і на «якія кветкі» яны будуць вывезены.
Папрацаваць па сваёй першай, агранамічнай, прафесіі ў нашым раёне Аляксандру Адамавічу не давялося. Маючы яшчэ і дыплом Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пайшоў настаўнічаць. Нямала гадоў аддаў Дараўскай сярэдняй школе, яшчэ больш – Ляхавіцкаму дзяржаўнаму аграрнаму каледжу, дзе шчыраваў на пасадзе выкладчыка агранамічных дысцыплін. Сваю педагагічную дзейнасць узгадвае з задавальненнем. З цеплынёй гаворыць пра кіраўніцтва ўстаноў, калег, навучэнцаў школы і каледжа. І з настальгіяй.
…Малады выпускнік Горыцкай сельгасакадэміі размеркаваўся на працу ў адзін з калгасаў свайго Нараўлянскага раёна. Нядоўгія месяцы «проста» аграном, пасля – галоўны.
Ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – Дзямідаў – да Чарнобыльскай атамнай кіламетраў 70-80. Аляксандр Адамавіч узгадвае, як даведаўся пра катастрофу – праз некалькі дзён пасля яе. Была нядзеля, намячалася сямейная ўрачыстасць. З жонкай і братавай на «запарожцы» накіраваліся за пакупкамі. У Ельску патрэбнага не знайшлі. Паехалі ў Прыпяць – горад атамшчыкаў, моладзі і вельмі добрага па тым часе забеспячэння таварамі.
Здзівіла мноства людзей, якія ішлі нам насустрач, і іх сігналы рукамі, маўляў, вяртайцеся назад, праігнараваў. Другі знак «стоп» сустрэўся на ўездзе ў горад: бясконцае чырвонае святло святлафора падарожнікі расцанілі як паломку апошняга і прадоўжылі шлях. У Прыпяці даведаліся пра бяду…
Пасля красавіка 1986 Аляксандр Жураўскі яшчэ сем гадоў адпрацаваў у родным калгасе, на той жа пасадзе. Клопатаў дабавілася, даводзілася, у тым ліку, працаваць і супольна з вайскоўцамі па мінімізацыі наступстваў катастрофы, выконваць іншыя «некалгасныя» работы.
А Ляхавічы, як ужо гаварылася, здарыліся ў 1993-м.

Іван КАВАЛЕНКА.