Анлайн- рэальна па маршруце запрашаюць нашы зямлячкі Дар’я Наскавец і Надзея Лапіч

Зноў сталіца, зноў турыстычна-краязнаўчы тандэм у складзе вучаніцы Малагарадзішчанскай СШ Дар’і Наскавец і галоўнага спецыяліста райвыканкама Надзеі Лапіч. На гэты раз прэзентавалі раён на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Некалькі квадратных метраў выставачнага цэнтра «БелЭкспа» заняў ляхавіцкі музей «у чамадане».
Сярод нашых экспанатаў – макет фартэцыі, які аказаўся самым рэйтынгавым. Няўжо яна была самай магутнай у Рэчы Паспалітай? Што засталося ад крэпасці? Нашых экскурсаводаў засыпалі пытаннямі патэнцыяльныя турысты. А іх запрашалі адправіцца ў міні-тур па горадзе і адкрыць для сябе зусім іншыя Ляхавічы, нават… падзямельныя.

Ёсць турыстычны попыт і на Грушаўку. Гасцям выставы ўбачыць рэшткі паркета і кафлі з гэтага палацава-паркавага ансамбля аказалася недастатковым. Многія паабяцалі асабіста прыехаць і пагля-дзець, чым яшчэ можа здзівіць былая сядзіба Рэйтанаў.
У рамках выставы пра-ходзіў і заключны этап рэспубліканскай акцыі «Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па
Беларусі» (у абласным туры  Дар’я Наскавец стала пераможцай). Цяпер жа заяўкі на ўдзел падалі адразу ў дзвюх намінацыях. Відэаролік з экскурсам у ваеннае мінулае Ляхавіччыны заяўлены ў намі-
нацыі «Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць». А экскур-сійны маршрут па раёне –  у намінацыі «Мая радзіма ў адным імгненні».
Так і адбылося. Як адно імгненне – запамінальнае, яскравае, змястоўнае, з неверагоднай цеплынёй і любоўю да сваёй малой радзімы – прайшло выступленне нашай юнай зямлячкі Дар’і. І трапіла ў самае сэрца членаў журы. У Дашы Наскавец дыплом І ступені ў намінацыі «Мая радзіма ў адным імгненні».
Дарэчы, сваё імгненне з ляхавіцкім каларытам госці выставы адчувалі, не адыходзячы ад экспанатаў. Карта раёна з QR-кодамі здольна «перанесці» ў любы выбраны аб’ект. У кожнай сядзібы, царквы, касцёла, помніка свая спасылка на старонку турыстычнага сайта
раёна з гістарычнай інфармацыяй. За выставачны дзень Ляхавіччыну «наведала» як мінімум паўсотні анлайн-турыстаў. Пакуль QR-коды ёсць у 19-ці гістарычных месцаў. Ідэя і выкананне карты належаць Надзеі Лапіч. Яна прызнаецца, гэта толькі пачатак. Класна было б размясціць карту ў некалькі месцах нашага горада – магчыма, на аўтавакзале, каля СДЮШАР і ў цэнтры.
У турыстычным плане прыбаўленне ў нас не толькі анлайнавае. Экскурсійная субота ў райцэнтры пачалася адпаведна – па-турыстычнаму. У першы дзень «Фэсту экскурсаводаў-2019» неабыякавыя землякі Міхаіл Курловіч і Надзея Лапіч запрасілі ў міні-тур па горадзе «Ляхавічы для вас».
Жадаючых адкрыць для сябе ў суботнюю раніцу наш утульны і гістарычна багаты край аказалася шмат. Нават мінчане прыехалі пабачыць месца, дзе калісьці стаяла фартэцыя. Сям’я Чаранковых з Мінска, але з ляхавіцкімі каранямі, пра маршрут даведалася з турыстычнага сайта фэсту. Сярод мноства прапаноў выбралі наш адрас.
– Вырашылі на сваю турыстычную карту ўнесці Ляхавічы і вёску Грушаўка. І не памыліліся, нас уразіла многае, у тым ліку падземныя хады па вуліцы Замкавай, на якой, дарэчы, жывуць мае бацькі. У захапленні засталіся дзеці і ад экскурсіі па Грушаўцы, якую правёў Зміцер Юркевіч, – падзялілася Кацярына Чаранкова.
Маргарыта КУХТА.

Фото Надзеі ЛАПІЧ.