У Свяціцы прайшло ХІ раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных»

Назва фальклорнага фестывалю — «З крыніц спрадвечных» — гаворыць сама за сябе. Гэта карані нашай гісторыі, вытокі спадчыны, разуменне і адчуванне зямлі, на якой жывём і працуем, іншы раз смуткуем і так часта радуемся. З маленства мы знаходзім натхненне і адчуваем сябе шчаслівымі, слухаючы народныя песні, а колькі цеплыні, пяшчоты, любві ў беларускіх калыханках! Хіба можа не падабацца мілагучная беларуская паэзія, трапныя прабабуліны прымаўкі і прыказкі, загадкі! Не адно пакаленне маленькіх беларусаў выхоўвалася на мудрых народных казках.
Раённае свята народнага мастацтва, адзінаццатае па ліку, нядаўна адбылося ў Свяціцы. А адкрылі яго гаспадары — адзін са старэйшых калектываў фальклорны гурт «Свяцічанка» (кіраўнік Кацярына Буйкевіч). З захапленнем слухалі госці легенду пра Свяціцу, якую так прыгожа расказала былая настаўніца Свяціцкай СШ Зінаіда Карабейнік. Цікавыя вячоркі «Матулін куфэрак» нікога не пакінулі абыякавымі. Адна з актыўных удзельніц «Свяцічанкі» Вера Дыдышка з размаляванага старадаўняга куфэрка даставала… то песні, то танцы, то прыказкі.
Фальклорны фэст на гэты раз супаў з яблычным Спасам. Усе прысутныя частаваліся яблыкамі і не толькі: нямала жадаючых было пакаштаваць мёд і знакамітую беларускую мачанку, сала, варэнні ды саленні.
Кожны калектыў, асобныя выканаўцы прадставілі на суд шматлікіх гледачоў лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці ў фальклорным стылі. Рэпертуар самы шырокі. Жартоўныя песні і прыпеўкі, танцы і загадкі, лірычныя кампазіцыі і гумарыстычныя праграмы, гульні і конкурсы — было ўсё, чаго душа прасіла. А які ж фальклорны фэст без выставы народных промыслаў! Непаўторнымі фарбамі радавалі вышыванкі, прыцягвалі ўвагу і саламяныя вырабы, саматканыя ручнікі і плеценыя кошыкі…
Заключным акордам свята стала ўзнагароджанне лепшых калектываў і самадзейных выканаўцаў.
Соф’я МАРЧЫК,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.

На здымках: фрагменты
свята

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *