Паступілі!

Яшчэ літаральна некалькі дзён — і залівісты школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у захапляючае падарожжа па школьнай краіне. Навучальныя ўстановы гатовы прыняць сваіх выхаванцаў і па традыцыі сустракаюць і навічкоў-першакласнікаў, і пасталеўшых 11—класнікаў чысцінёй і ўтульнасцю.
1 верасня — асаблівы дзень і для тых, хто сёлета стаў студэнтам. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна для 288 выпускнікоў гарадскіх і вясковых школ прагучаў апошні школьны званок, разам з аднакласнікамі яны сустракалі світанак, хваляваліся перад тэсціраваннем, губляліся ў выбары будучай прафесіі і з заміраннем сэрца сачылі за ходам уступнай кампаніі па маніторах камп’ютараў. А з якой радасцю знаходзілі сваё прозвішча ў спісе новаспечаных студэнтаў той ці іншай вышэйшай навучальнай установы! І колькі было слёз, калі мара стаць навучэнцам ці студэнтам так і засталася пакуль толькі марай.
Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, з 288 выпускнікоў-2012 48 працэнтаў сталі студэнтамі ВНУ. Вынік паспяховы, хаця гэты паказчык і ніжэй мінулагодняга.
Па традыцыі найбольш высокі працэнт выпускнікоў (статус абавязвае), якія сталі студэнтамі, — у гімназіі. Сярод сельскіх школ у лідарах Дараўскі ДС-СШ (83 працэнты выпускнікоў — студэнты ВНУ), Малагарадзішчанскі ДС-СШ (63 працэнты), Навасёлкаўская СШ (54 працэнты).
Пацвердзілі трывалыя веды сёлетнія медалісты, якія добра здалі тэсты і заваявалі права студэнтамі звацца. Так, гімназісты Дзіяна Жалнаркевіч і Марыя Пішч — студэнты-першакурснікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Тут жа будуць вучыцца і залатыя медалісткі СШ №№ 1 і 2 Наталля Колбіна і Настасся Цісецкая. Прыемна, што ўсе 7 медалістаў СШ № 2 сталі студэнтамі ВНУ, прычым 3 з іх — Ірына Бародзіч, Вікторыя Жывіцкая і Аляксандра Новік — медыцынскіх. Урачом будзе і «залатая» выпускніца Тальмінавіцкай СШ Марына Багдановіч. Дарэчы, як адзначыў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, сёлета райбальніца выдала выпускнікам школ Ляхавіччыны 17 мэтавых накіраванняў на вучобу ў медыцынскія ВНУ. З дыпломам урача пасля вучобы яны вернуцца працаваць на Брэстчыну.
3 сёлетнія медалісты вырашылі стаць педагогамі, паспяхова вытрымалі іспыты і паступілі ў педагагічныя ўніверсітэты. Адна з іх — Паліна Белавус з Навасёлкаўскай СШ — вырашыла стаць настаўніцай, як і яе брат, які працуе ў СШ № 1 настаўнікам фізкультуры.
Медалістка-гімназістка Ганна Юрлевіч месцам атрымання вышэйшай адукацыі абрала галоўную ВНУ краіны — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, яна — студэнтка біялагічнага факультэта. Уладальніца залатога медаля з СШ № 2 Алена Вішнеўская будзе вучыцца ў дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Прыемна, што два актыўныя пазаштатныя аўтары «Ляхавіцкага весніка» Маргарыта Кухта і Іна Кучэйка абралі прафесію журналіста і будуць атрымліваць яе ў інстытуце журналістыкі БДУ.
Увогуле, як адзначыла Марыя Саракавік, найбольш папулярнымі сярод сёлетніх выпускнікоў Ляхавіччыны сталі БДУ, БДЭУ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Баранавіцкі дзяржаўны, Гродзенскі медыцынскі і Палескі дзяржаўны ўніверсітэты. Многія паступілі на бюджэтную форму навучання, нямала землякоў будуць атрымліваць адукацыю за ўласныя сродкі.
Яшчэ адна важная акалічнасць: сёлета ўсе выпускнікі працягнуць вучобу далей — у ВНУ, ССНУ, ПТВ і ліцэях. Прычым, сярэднія спецыяльныя ўстановы сталі значна больш запатрабаванымі сярод моладзі.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *