Бярозкі з падлескай прапіскай. Малой радзіме прысвячаецца гэты зялёны аграгарадскі астравок


▲Сям’я Краўчэня  ў аграгарадку Падлессе
   саджала  бярозкі амаль поўным саставам.

Мнагадзетная сям’я Кацярыны і Дзмітрыя Краўчэня на пасадку бярозак выйшла амаль поўным саставам – з дачкой Ксеніяй і сынам Іванам, толькі чатырохгадовая Яна засталася дома. Бацька паабяцаў старэйшым дзецям каля пасаджаных імі дрэўцаў прымацаваць «імянныя» таблічкі.
А школьніцы Міраслава Жэрка і Руфіна Зайцава свае саджанцы пазначылі стужкамі і будуць клапаціцца пра падапечных.

24 красавіка 2019 года ў Падлессі стала днём нара-джэння бярозавага гаю. Вучні, работнікі мясцовай школы, Жарабковіцкага сельвыканкама, Дома культуры, ААТ «Жарабковічы» высадзілі каля 130 дрэўцаў.
– Гэту экалагічную падзею прысвяцілі юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой радзімы. Няхай беластволыя набіраюцца сілы, красуюць і ўпрыгожваюць аграгарадок, – адзначыла старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая.
Бярозавая «кампанія» атрымала прапіску насупраць школы. Раней тут быў не зусім прывабны пейзаж. Ініцыятыва добраўпарадкаваць тэрыторыю належыць сельвыканкаму і педагогам, а яе ўвасабленню ў жыццё пасадзейнічала мясцовае сельгаспрадпрыемства.
Настаяцель Падлескай Святадухаўскай царквы іерэй Канстанцін благаславіў на добрыя справы, і закіпела работа.
Няхай школьнікі крыху стаміліся, але пазітыўныя эмоцыі не ўмяшчаліся ў межы шчасця. Нехта першы раз саджаў дрэўца, для кагосьці гэта быў урок паўтарэння і замацавання ўменняў.
– Праз некалькі гадоў змагу паказаць сябрам сваё дрэва, –
падзяліўся радасцю адзін з удзельнікаў акцыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дрэўца пасадзіла і Насця Яраш.