Маёўка для бывалых. Прафтур у мінулае

115-гадовая гісторыя прафсаюзнага руху Беларусі цесна пераплятаецца з гісторыяй краіны, з гісторыяй усіх і кожнага –
хто працуе, стварае, вучыцца. Ад невялікіх арганізацый, якія дзейнічалі адасоблена, да фарміравання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – цэлая эпоха. Нязменным застаецца адно – абарона правоў і інтарэсаў працаўнікоў. Прафсаюзы заўжды вырашалі і вырашаюць задачы, што дыктавала жыццё. Для многіх землякоў самая масавая грамадская арганізацыя стала да ўсяго і часткай іх працоўнай біяграфіі.

Мікалай ВАЙЦЕШЫК,былы старшыня  РК прафсаюза работнікаў АПК:
– Прафсаюз аграрыяў заўж-ды быў самым шматлікім у раёне. У розныя гады на чале пярвічак стаялі ініцыятыўныя, адказныя, нераўнадушныя, лідары, такія як Вера Дыдышка з «Ліпнянкі», Людміла Бадзеева з «Начы», Вольга Бурак з кансервавага завода, Валянціна Герасімовіч з СВК «Ляхавіцкі», Людміла Мікуліч з «Жарабковічаў», Мікалай Вараб’ёў з «Ганчароўскага» і інш.
Пра ўплывовасць любой арганізацыі мяркуюць па справах. А яны ў нашага прафсаюза заўжды былі важкімі. Наладжаны грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і правіл аховы працы. Кожны месяц тэхнічныя інспектары, грамадскія кантралёры правяралі (за год 25-30 прадпрыемстваў і арганізацый) тэрміны выплаты зарплаты, афармленне кантрактаў, парадак прадастаўлення працоўных водпускаў і многае іншае.
Прафсаюзы побач з аграрыямі на пасяўной, касавіцы, уборцы. Сумесна з райсельгас-
харчам арганізоўвалі і праводзілі раённыя спаборніцтвы сярод сельгаспрадпрыемстваў, механізатараў, Перадавікоў ушаноўвалі прама ў полі. Выдатна, што такая практыка захавалася і цяпер. Умовы працы, створаныя ў калектывах, таксама пад прафсаюзным кантролем.

Аляксандра МАТЧЭНЯ, былы старшыня прафкама ЛДАКа:
– Яшчэ падчас вучобы ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме аднакурснікі абралі мяне прафгрупоргам. Пасля, калі тут працавала, уваходзіла спачатку ў рабочы камітэт, а потым у прафкам. Узначальвала доўгі час пярвічку работнікаў навучальнай установы, апошнія 9 гадоў да выхаду на пенсію –
вучнёўскую. Была ў складзе райкама прафсаюза і адпаведна ў раённых камісіях – жыллёва-бытавой і грамадскага кантролю.
Гэта грамадская работа хоць і цяжкая, але захапляльная, цікавая – ты заўжды сярод людзей. Асаблівае задавальненне атрымліваеш, калі твая дапамога дзейсная. Вырашалі і сямейныя праблемы, урэгулёўвалі працоўныя канфлікты, дзеля чаго іншы раз спрачаліся з кіраўніцтвам каледжа.
Але ў прафкама і дырэкцыі заўжды былі дзелавыя адносіны, заснаваныя на даверы, узаемаразуменні і ўзаемапавазе, што канкрэтна дапамагала ў рабоце.

Ірына ВОЙЦІК,
аўтар  гімна Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

– Як толькі васямнаццаці-гадовай пайшла працаваць, адразу ўступіла ў прафсаюз. Так што я член гэтай арганізацыі з вялікім стажам. На пачатку новага тысячагоддзя ў арганізацыі быў нялёгкі час, пярвічкі распадаліся. Мой муж Барыс Іванавіч тады ўзначальваў райкам прафсаюза работнікаў АПК. Не па чутках ведаю, колькі складанасцяў і праблем было.
У адзін з вечароў 2003 года па тэлевізары пачула пра аб’яўлены творчы конкурс на стварэнне гімна прафсаюзаў Беларусі. Захапілася ідэяй, родныя мяне падтрымалі. Не паверыце, натхнілася так, што за адзін вечар напісала словы, за другі – музыку і адправіла твор у Мінск. Калі паклікалі на паўфінал, дужа хвалявалася, таму паехала ў сталіцу з групай падтрымкі – мужам, дачкой і зяцем. Журы па музычнай частцы ўзначальваў мэтр Ігар Лучанок, па словах – Уладзімір Карызна. Здавалася неверагодным: у фінал конкурсу трапілі два творы: мой і знакамітага беларускага кампазітара Эдуарда Зарыцкага. Праз некалькі дзён позна вечарам патэлефанавалі і паведамілі, што мой гімн журы большасцю галасоў прызнала пераможцам. Цяпер ён гучыць на прафсаюзных сходах.

Станіслаў ДЫДЫШКА, узначальваў прафсаюзныя пярвічкі торфабрыкетнага завода і калгаса «Востраў»:
– На ТБЗ я працаваў з 1980 па 1985 гады начальнікам аддзела забеспячэння і ўзначальваў мясцовую прафсаюзную арганізацыю. Тады не было калектыўных дагавораў, але мы актыўна ўдзельнічалі не толькі ў грамадскім жыцці завода. Арганізоўвалі працоўнае спаборніцтва ў розных падраздзяленнях. Пераможцаў узнагароджвалі і дырэкцыя, і прафсаюзы. Даводзілася адстойваць інтарэсы незаконна звольненых. Прафсаюзныя аргументы аказаліся важкімі, і работнікі зноў прыступілі да працы.
Калектыў на торфабрыкетным быў вялікі і дружны, большасць – лёгкія на пад’ём.

Таццяна ТАРАНДА, былы старшыня прафкама калгаса «Ляхавіцкі»:
– Цвёрда ведаю: прафсаюзы былі і застаюцца рэальнай сілай, здольнай адстойваць інтарэсы працаўнікоў. Старшынёй пярвічкі «Ляхавіцкага» была з пачатку 90-ых да пачатку 2000-ых. Кіраваў гаспадаркай у той час Аляксандр Вітко – чалавек памяркоўны, разважлівы. Ён стараўся не дапускаць канфліктаў у калектыве, таму вырашаць нейкіх спрэчных пытанняў прафкаму не даводзілася. У асноўным займаліся арганізацыяй прафесійных спаборніцтваў, прэміравалі лепшых, ушаноў-валі юбіляраў, не забываліся пра падтрымку шматдзетных сем’яў, тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. У мяне дастойная пераемніца Валянціна Герасімовіч, якая ўзначальвае прафсаюзную пярвічку СВК «Ляхавіцкі».

Прафсаюзы – дзень за днём цясней рады!
Мы за шчасце Беларусі назаўжды!
Прафсаюзы – добра ведае народ:
Толькі ў працы багацець нам з года ў год.
З прафсаюзнага гімна (аўтар Ірына Войцік).

Галіна КАНЬКО.