Разгледзець прадметна, дапамагчы вынікова. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій МАРКЕВІЧ прыняў удзел у пасяджэнні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

26 красавіка памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій МАРКЕВІЧ прыняў удзел у пасяджэнні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта. На пасяджэнні былі разгледжаны вынікі ацяпляльнага сезона і пастаўлены задачы па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да асенне-зімовага перыяду 2019-2020 гадоў. Яшчэ адно пытанне парадку дня датычыла стану работы па прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці.

У гэты ж дзень Анатолій Маркевіч у Ляхавічах правёў прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян.
На прамую тэлефонную лінію да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Брэсцкай вобласці звярнуліся чатыры чалавекі, прычым не толькі жыхары Ляхавіцкага раёна. Былі званкі з Пінска і Кобрына.
Наш зямляк Андрэй Куркач агучыў пытанне, якое цікавіць многіх ляхавічан: пра будаўніцтва ў райцэнтры плавальнага басейна. Больш таго, такі спартыўны аб’ект некалькі гадоў назад разглядаўся як патэнцыяльна магчымы. Сённяшнюю сітуацыю пракаментаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, які адзначыў, што цяпер ідзе работа па актуалізацыі неабходнай дакументацыі. У наступным годзе будзем спрабаваць трапіць у пералік аб’ектаў сацыяльнай сферы, якія неабходны Брэстчыне. Калі ўсё атрымаецца і будзе пацверджана фінансаванне, падкрэсліў кіраўнік раёна, у Ляхавічах у недалёкай перспектыве з’явіцца свой басейн.
Падчас прыёму грамадзян са сваімі праблемамі да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Брэсцкай вобласці звярнуліся дзевяць чалавек, якія ўзнялі 13 пытанняў. Напрыклад, жыхарка аграгарадка Жарабковічы патлумачыла просьбу пасадзейнічаць у карэкціроўцы маршруту аўтобуса Ляхавічы-Зубелевічы з працягам яго да Жарабковіч, маўляў пры інснуючым раскладзе бывае праблематычным дабрацца да райцэнтра і назад. Анатолій Маркевіч даручыў вывучыць пасажырапаток. А потым прымаць рашэнне: прадоўжыць маршрут аўтобуса ці, калі пасажыраў няшмат, магчыма пусціць у гэтым напрамку менш затратны від транспарту.
Індывідуальныя прадпрымальнікі , з якімі ААТ “Шлях новы” поўнасцю не разлічыўся за аказаныя імі паслугі, таксама на прыёме знайшлі паразуменне сваёй праблемы. Анатолій Маркевіч паставіў пытанне перад дырэктарам ААТ “Шлях новы” аб канкрэтным тэрміне разліку з ІП. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства запэўніў, што да 1 верасня запазычанасць будзе ліквідавана.
Анатолій Маркевіч уважліва выслухаў усіх грамадзян, якія звярнуліся да яго са сваімі праблемамі. Пытанні датычылі, працаўладкавання, налічэння пенсій, стану дарог, навядзення парадку, рэгістрацыі пабудоў і інш. Па кожным звароце дадзены даручэнні мясцовай уладзе і адпаведным службам. Іх выкананне памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці ўзяў пад асабісты кантроль.
Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што мясцовая ўлада, любая ўлада заклікана вырашаць праблемы, пытанні нашых людзей і падтрымліваць іх у любой сітуацыі. Нельга павярхоўна адносіцца да гэтага, таму што за кожным чалавекам стаіць ягоны боль.  Часам і такія бываюць выпадкі, калі людзі прыходзяць у розныя інстанцыі неаднаразова, і на працягу шэрагу гадоў гэтыя пытанні не вырашаюцца. Наш святы абавязак – дапамагчы чалавеку, адзначыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці.
Вольга БАРАДЗІНА.