З 27 жніўня па 10 верасня праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага — дзеці!»

Аналіз аварыйнасці сведчыць, што менавіта з пачаткам навучальнага года на дарогах павялічваецца колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей.
Большасць аварый, у якіх дзеці атрымліваюць траўмы ці гінуць, адбываецца па віне вадзіцеляў (дзеці выступаюць у ролі пасажыра, пешахода ці веласіпедыста). Але прыкладна ў чвэрці выпадкаў вінаваты ў дарожна-транспартных здарэннях самі рабяты, якія раптоўна выбягаюць на праезную частку, пераходзяць дарогу ў неўстаноўленых месцах.
На жаль, вельмі часта правілы дарожнага руху застаюцца для хлопчыкаў і дзяўчынак толькі тэарэтычнымі ведамі, на практыцы ж дзеці і іх бацькі не звяртаюць на захаванне ПДР належнай увагі (у тым ліку і ў першую чаргу — пры перавозцы дзяцей у транспартных сродках). Вынік сумны: з пачатку года на Брэстчыне зарэгістравана 47 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, адно дзіця загінула, 50 траўмаваны.
З 27 жніўня па 10 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага — дзеці!» і рэкамендуе вадзіцелям пры кіраванні транспартнымі сродкамі нават у светлы час сутак уключаць бліжняе святло фар. А 31 жніўня па ўсёй краіне пройдзе адзіны прафілактычны дзень пад дэвізам «Дзеці ідуць у школу!».

57 ДТЗ на тэрыторыі вобласці з пачатку года — на рахунку вадзіцеляў, якія не мелі права кіравання транспартнымі сродкамі ці яго пазбаўлены. 21 вадзіцель пры гэтым быў яшчэ і п’яны.
Між тым, не варта спадзявацца, што падобнае парушэнне застанецца беспакараным. Кожны супрацоўнік ДАІ у любы час можа высветліць, ці мае вадзіцель права кіравання. Калі не — штраф можа скласці ад 5 да 20 базавых велічыць (ад 500 тысяч да 2 мільёнаў рублёў). Такую ж адказнасць панясе і той, хто перадаў руль асобе без правоў. Калі правапарушэнне ўчыняецца паўторна на працягу года, штраф узрастае ад 20 да 50 БВ.
Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *