Мудры шлях

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне прыняў удзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».

ФОТО: БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам


У сваім выступленні на Форуме беларускі лідар заклікаў да каардынацыі дзеянняў краін – удзельніц ініцыятывы «Пояс і шлях», каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю існуючых бар’ераў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё асобна ўзятай краіны без узаема-дзеяння з іншымі дзяржавамі практычна немагчыма. Сучасныя тэхналогіі робяць свет больш кампактным, геаграфічная аддаленасць ужо не з’яўляецца такой перашкодай для выбудоўвання цеснага партнёрства, якой была ў часы стварэння Шаўковага шляху. Аднак на шляху руху тавараў усё яшчэ прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар’еры. «Калі мы хочам расшырыць наша эканамічнае супрацоўніцтва, надаць магутны імпульс развіццю эканомік, нам неабходна больш вынікова працаваць над устараненнем усіх відаў бар’ераў. Але рабіць гэта толькі на тэрыторыі асобна ўзятай дзяржавы – усё роўна што ў вялікім горадзе на адным скрыжаванні ліквідаваць аўтамабільную пробку. Ты проста хутчэй даедзеш да наступнай. Наша агульная задача – каардынацыя дзеянняў краін на ўсёй працягласці Пояса і Шляху», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь, праз якую ідуць таварныя патокі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, як ніхто іншы, зацікаўлена ў існаванні справядлівай, раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Ён пералічыў тры пытанні, у якіх, на погляд беларускага боку, у бліжэйшы час належыць дабіцца практычнага выніку: фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай; скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак; актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур.
«Ад нас залежыць, ці прытрымлівацца новых стандартаў эканамічнага супрацоўніцтва, ці ствараць новую вялікую сям’ю або вярнуцца да ўстарэлых геапалітычных манеўраў. Моцны пераадолее перашкоду, мудры – увесь шлях», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На палях саміту Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў шэраг сустрэч з замежнымі лідарамі.
Як паведамлялася раней, у першы дзень рабочага візіту у Кітайскую Народную Рэспубліку Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў пасля завяршэння сустрэчы былі падпісаны дакументы аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Пасля цырымоніі падпісання двухбаковых дакументаў Сі Цзіньпін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі. Бязвыплатнае выдзяленне кітайскім бокам сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту было прадугледжана пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе.
Пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пекіне адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Старшыні КНР Ван Цішанем, які асабліва падкрэсліў, што паміж лідарамі Беларусі і Кітая і краінамі ў цэлым устанавілася жалезнае братэрства, якое ніколі не ржавее.
Беларусь зацікаўлена дзяліцца тэхналогіямі з Узбекістанам, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. «Мы вельмі дакладна выконваем з вамі намечаныя планы. Некалі мы дамовіліся аб тым, што выпрацуем дарожную карту – план нашых дзеянняў. Мы гэта зрабілі, там 155 мерапрыемстваў. Крытэрый у нас тавараабарот. Ён у нас за год вырастае на 20 працэнтаў», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, адзначыў ён, Беларусь і Узбекістан могуць дасягнуць значна большых вынікаў у гандлі.
У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў звярнуў увагу, што выкананне мерапрыемстваў дарожнай карты знаходзіцца на яго асабістым кантролі: «Мы дамовіліся вашы магутныя тэхналогіі перанесці ва Узбекістан і толькі-толькі пачалі супрацоўнічаць ва ўсіх сферах, але вынік ужо відаць».
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на значнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Сербіяй у бліжэйшыя гады. Пра гэта ён заявіў у Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Беларускі лідар анансаваў свой візіт у Сербію. Паводле слоў Прэзідэнта, у ходзе яго маючага адбыцца візіту будуць узнімацца інвесты-цыйныя пытанні, стварэнне і развіццё сумесных прадпрыемстваў. «У нас працэс ідзе. Мы развіваем сумесную вытворчасць у вас на базе МАЗа і трактарнага завода. У нас ёсць магчымасці па рабоце ў сельгасмашынабудаванні, таксама па стварэнні сумесных вытворчасцей і многіх іншых напрамках», – упэўнены беларускі лідар.
У сваю чаргу Аляксандр Вучыч падкрэсліў, што ў Сербіі заўсёды рады супрацоўніцтву з дружалюбнай Беларуссю і гатовы рабіць у гэтым напрамку практычныя крокі.
Прэзідэнт Беларусі ў Пекіне сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам. Бакі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ.
Па матэрыялах БЕЛТА.