Такое звычайнае мірнае жыццё

Кропелькамі сонца па майскім лузе рассыпаліся дзьмухаўцы. У абдымках вясны, у абдымках жыцця –  шчасце быць. І дыхаць гэтым шчасцем, як паветрам, спаталяць ім, бы крынічнай вадой, смагу пачуццяў, памкненняў, мар.
Бусел на даху, спакуслівая чаромха, дзічка ў квецені – сакура ёй не саперніца,  усыпаныя вяснушкамі дзіцячыя насы, выведзенае рознакаляровай крэйдай «Няхай заўсёды буду я!»… Любоў правіць баль, каханне дакранаецца лёгкім ветрыкам. Непаўторны пах спечанага хлеба – штодня, прывычна, удосталь. 
Магчымасць вучыцца, займацца любімай справай. Зранку з радасцю спяшацца на работу, а потым, таксама з радасцю, вяртацца ў сямейныя клопаты. Спыніцца на імгненне і паслухаць майскі дождж, палюбавацца бярозавымі завушніцамі, ашалелымі ад уседазволенасці цюльпанамі, усміхнуцца мамам з каляскамі, перакласці на мову людзей бусліны клёкат.
Чалавек нараджаецца для шчасця. І чалавек сам каваль свайго шчасця, і заўсёды павінен заставацца чалавекам. Здаецца, гэта абсалютныя ісціны. Мы іх засвойваем з ранняга дзяцінства і спасцігаем усё жыццё. А яшчэ дакладна ведаем: галоўная ўмова шчасця – мір.
…Над пагоркам, пасярод луга, на ўзлеску –  зорачка. Не ў небе – на абеліску. Гэта маладыя, поўныя сіл, любві, мараў, планаў, салдаты саракавых здабывалі мір для нашчадкаў і засталіся маладымі назаўсёды. Прозвішчы на граніце… Кветкі ля брацкіх магіл… Час імчыць, і ўжо прапраўнукі тых герояў прыходзяць да Вечнага агню з памяццю пра герояў, з удзячнасцю да іх.
Шчымлівая карціна: ветэран суровай вайны крочыць па вуліцы з гваздзікамі. Тады ў саракавых варожая куля злітавалася над ім. І сёння лепш любога падручніка па гісторыі ягоны расказ пра доўгія вёрсты найсуровейшых выпрабаванняў.
Дзякуй за мір, шаноўны ветэран! 
Дзякуй за жыццё!
Дзякуй за сёння і заўтра!

І зноў у квецені май. Зноў, як у старым фільме сказана, і неба блакітнае, і траўка зялёная. Май 2019-га – 74-ы ад Вялікай Перамогі.