Жывая вера, ці Сардэчны спадарожнік жыцця

1 верасня — гэта: з новай восенню ўсіх, фантастычна прыгожай, неверагодна шыкоўнай; з новым годам — навучальным, з мелодыяй школьнага званка, кветкамі для настаўнікаў і з заўтрашнім Днём беларускага пісьменства!
Два непарыўна звязаныя паміж сабой паняцці — пісьменства і пісьменнасць. Карані і крона, гісторыя і культура, духоўнасць і «сардэчны спадарожнік жыцця» — кніга. Дарэчы, пра кнігі, з якімі «абстаяць справы таксама, як і з людзьмі. Хаця мы з многімі знаёмімся, але толькі некаторых выбіраем сабе ў сябры, у сардэчныя спадарожнікі жыцця», — з Фейербахам не паспрачаешся: сапраўды, гэта так. Кагосьці з «дружалюбнага акружэння» мы ведаем з дзяцінства, кагосьці адкрываем выпадкова, кагосьці — свядома, па праграме вучэбнай ці жыццёвай. Апошні варыянт сёння не ўяўляю без бясцэннага дару, які прафесіянальна і з любоўю рыхтуе і падносіць беларусам, і не толькі, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».
…Роўна год таму ў маёй асабістай бібліятэцы з’явіўся альбом малюнкаў Дзмітрыя Струкава — кніга з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». У коле сяброў ён адзін з самых сардэчных і па змесце, і па форме, і па інфармацыйнасці, і па духоўнасці. Без перабольшвання, гэта твор мастацтва, дзякуючы якому сэрца робіцца больш відушчым і мудрым. Ужо дзялілася з чытачамі ўражаннямі пра выданне. А сёння скажу пра новую радасць, новае адкрыццё — «Жывая вера. Ветка». У хвіліны, калі душа просіць светлага-светлага ці калі хочацца падумаць пра бясцэнна вечнае, раскрываю гэту кнігу, чытаю пра Фёдара Шклярова — заснавальніка Веткаўскага музея  народнай творчасці, углядаюся ў лікі святых на рэпрадукцыях стараверскіх абразоў, стараюся прачытаць чыстыя пакорлівыя позіркі і дакранаюся-датыкаюся сэрцам і думкай да бясконцасці часу, да зорак і церняў, да непарыўнасці трыадзінства «учора-сёння-заўтра».
І Струкава, і Ветку, і Радзівілаў у іх гістарычнасці, быцці, у шчодрым ракурсе ведання, а для многіх, магчыма, і знаёмства, прывяла ў нашы дамы «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» літаральна на працягу года ці трохі больш. А дагэтуль былі энцыклапедыя «Рэспубліка Беларусь», «Суверэнная Беларусь», «Памяць Беларусі», «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны», «Гісторыя беларускай кнігі», слоўнікі (апошні трохтомны беларуска-рускі) і мноства іншых кніг, «на кожны дзень» і для душэўных пасядзелак сам-насам з узвышаным і зямным.
Год кнігі для майго любімага выдавецтва не абмяжоўваецца календаром-2012. Год кнігі для яго ў заўсёдным працягу. І як жа прыемна, што выданні «броўкаўцаў» адзначаюцца самымі высокімі ўзнагародамі ў нашай краіне (напрыклад, прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2010), Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»…) і на міжнародных кніжных выставах. Гэта заслужаны дадатак да чытацкага прызнання і запатрабаванасці. Я не прамяняю кнігу ў класічнай форме (папяровую, у вокладцы) на электронную версію. Люблю адчуваць пальцамі старонкі, гартаць іх і беспамылкова вяртацца на патрэбную, прачытаную раней, калі штосьці трэба ўдакладніць. Люблю пах паперы. Люблю прачынацца і бачыць на тумбачцы томік, які чытала на ноч. Любімыя пісьменнікі ўваходзяць у дамы іх прыхільнікаў маленькімі томікамі і вялікімі фаліянтамі, зборнікамі і поўнымі зборамі сачыненняў — кнігамі.
Гісторыя, культура, пісьменства, прамова пра мову, фальклор, класіка і сучаснасць, ляхавіцкі строй, саматканыя коўдры і андаракі, вышываныя ручнікі, валошкавыя ўзоры. Побач Нясвіж з радзівілаўскай культурнай спадчынай, якую аднаўляем мы, беларусы, у ХХІ стагоддзі, побач Слуцк, адкуль родам знакамітыя слуцкія паясы, побач Мір і Навагрудак… А на нашай Ляхавіччыне ёсць Грушаўка — рэйтанаўскія мясціны, Рэпіхаўскі парк, звязаны з імем Чачота, Флер’янова, дзе на пачатку мінулага стагоддзя на літаратурныя вечарыны да тутэйшых гаспадароў Бохвіцаў з’язджаліся пісьменнікі, паэты і артысты, дзе і сёння расце дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка… Бясцэнную спадчыну продкаў захоўваюць іх нашчадкі. Ці заўсёды дастаткова трапятліва і беражліва?.. Калі гэта датычыць нашай зямлячкі, дырэктара выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Таццяны Бяловай, адкажу адназначна і без ваганняў: так! Зайдзіце ў бібліятэку і пазнаёмцеся з унікальнымі кніжнымі навінкамі, у выхадных даных якіх значыцца гэта выдавецтва. Вы трапіце ў непаўторны, захапляльны, чароўны свет не кніжкі — кнігі, у якой занатаваны час.
Свая бібліяграфія і культураграфія ёсць і ў назвах вуліц нашага маленькага гарадка: Скарыны, Купалы, Чэхава, Чарота, Горкага, Лермантава, Пушкіна, Міхаіла Пташука, Генадзія Цітовіча, завулак Еўлашоўскага.
Дарэчы, і ў даўнейшай гісторыі пісьменства, і ў сённяшнім жыцці газетны друкаваны радок таксама быў і ёсць. Спадзяюся, што будзе.

Полацк і Тураў двойчы, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы былі сталіцамі Дня беларускага пісьменства. Заўтра гэту эстафету прымае Глыбокае.
Са святам!

Вольга БАРАДЗІНА.

3 thoughts on “Жывая вера, ці Сардэчны спадарожнік жыцця

  • 02/09/2012 в 09:35
    Permalink

    Великолепно написано. Пишите чаще.

  • 03/09/2012 в 19:34
    Permalink

    Приятно удивили,уважаемый или уважаемая Соболь! Статья действительно шикарная и заслуживает только положительных отзывов. И наверное, это едиственный раз, когда на этом сайте моё мнение совпадает с Вашим. Хотя видно, што Вы эрудированный человек с собственным мнением. Но в настоящее врея у вас не всё гладко. А сайт газеты хороший , а в последнее время насыщен информацией и стал гораздо современнее и больше соответствует названию газеты.

  • 05/09/2012 в 19:13
    Permalink

    Может я Вас, и разочарую, но удивлять никого и не собиралась. И уж тем более, мне параллельно, совпадает Ваше мнение с моим или нет) Вы ж поймите, когда не совпадает интереснее) А статья написана профессионально, очень. Самое главное, работа не надуманно – вымученная, а очень искренняя и живая. Даже меня к книжному шкафу потянуло. И скажу по секрету, слегка покраснев, я то ж читать очень люблю.
    Но Вам не следовало бы переключаться со статьи. Ну, восхищались бы написанным. Спасибо, Вам, что ли сказать, за внимание)))))))))
    Пы Сы. Боюсь спросить, Вы, что на другие, по- настоящему современные сайты, не ходите?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *