Мір – гэта жыццё. 9 мая ў Беларусі адзначалі 74-ую гадавіну Перамогі /відеа і фота/

9 мая ў вялікіх гарадах і маленькіх райцэнтрах, аграгарадках і вёсках Беларусі адзначалі 74-ую гадавіну Перамогі. Для жыхароў рэспублікі гэта не толькі святочны дзень, але яшчэ і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто набліжаў Вялікую Перамогу

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску.
Кветкі да манумента ўсклалі таксама сыны Кіраўніка дзяржавы.
У цырымоніі ўскладання вянкоў прынялі ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу, судоў, Савета бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, маладзёжных і грамадскіх аб’яднанняў, Выканаўчага камітэта СНД, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў. 
Ратны подзвіг нашых бацькаў, дзядоў і прадзедаў даў нам магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню, сказаў Прэзідэнт, выступаючы на цырымоніі ўскладання вянкоў.

«Вялікая Перамога – безумоўная перамога жыцця над смерцю. І наступныя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за свабоду. У імя дабра, міру і справядлівасці. Каб такое ніколі не паўтарылася», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ветэранаў, суайчыннікаў, замежных гасцей з вялікім святам – Днём Перамогі. 
У час урачыстага мерапрыемства памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання. Урачыстым маршам прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Затым на плошчы Перамогі адбыўся святочны тэатралізаваны паказ. Пасля мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса і моладдзю.

Па традыцыі маштабна адзначыў 9 Мая Брэст. Святочныя ўрачыстасці ў абласным цэнтры пачаліся з акцыі «Беларусь памятае!». Кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь у калоне прайшлі да мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». У шэсці прынялі ўдзел больш за дзевяць тысяч чалавек. Разам з брастчанамі ў легендарную цытадэль прыйшлі госці абласнога цэнтра.
«Памяць пра салдатаў Перамогі засталася не толькі на помніках, абелісках і брацкіх магілах, яна жыве ў сэрцах усіх беларусаў. Лепшае таму пацвярджэнне – традыцыйная акцыя «Беларусь памятае!». Яна сабрала тысячы людзей розных узростаў, – адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. – Памяць жывая, што асабліва хвалююча напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі. Пра адно застаецца шкадаваць: з кожным годам радзеюць рады ветэранаў. Зараз у вобласці іх пражывае ўсяго 770 чалавек. Наш свяшчэнны абавязак – кожнага з іх акружыць любоўю і клопатам».
Мітынг у Брэсцкай крэпасці завяршыўся ўрачыстым маршам. А святкаванне працягвалася да позняга вечара, калі неба над крэпасцю расквеціў маляўнічы салют.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

.