Друкаванае слова пра міліцэйскія будні

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў прайшла 4 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Удзел у ёй узялі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
Сёлета на конкурс, у якім удзельнічаюць рэдакцыі раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх выданняў і тэлеканалаў, творчыя калектывы і асобныя журналісты, фотакарэспандэнты, тэлеаператары, прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў, даслалі больш за 180 работ.
Прыемна і пачэсна, што сярод лаўрэатаў – раённая газета «Ляхавіцкі веснік». «ЛВ» стаў пераможцам творчага конкурсу ў намінацыі «Лепшая раённая газета» і ўзнагароджаны дыпломам і спецыяльным знакам, заснаваным Міністэрствам унутраных спраў для пераможцаў рэспубліканскага творчага спаборніцтва.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падзякаваў журналістам за таленавітае асвятленне работы супрацоўнікаў праваахоўных органаў і выказаў спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.