Калі не проста дрэнны настрой

Менавіта здароўе з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю. У яго шмат складнікаў. За некаторыя ў адказе медыкі, іншыя залежаць выключна ад самога чалавека. Сёння прапануем урачэбную кансультацыю на тэму аднаго з даволі распаўсюджаных захворванняў – дэпрэсіі.

Дэпрэсія – сур’ёзнае захворванне, якое зніжае сацыяльнае функцыянаванне і прыносіць пакуты як хвораму, так і яго блізкім. У свеце ёю пакутуе амаль пяць працэнтаў насельніцтва. Па даных СААЗ, пятая частка жанчын і дзясятая мужчын хаця б раз у жыцці перажывалі дэпрэсіўны эпізод.
Падвержанасць гэтаму захворванню ў розных людзей значна адрозніваецца. Адны стойка пераносяць цяжкія жыццёвыя траўмы, а ў іншых дэпрэсія развіваецца з-за любой нязначнай дробязі ці пры поўнай жыццёвай уладкаванасці. Гэта звязана з асаблівасцямі абмену рэчываў у галаўным мозгу, нейрамедыятараў (норадрэналін і сератанін) і гармонаў, а таксама са спадчыннымі асаблівасцямі. У лю-дзей, чые родныя пакутавалі дэпрэсіяй, маецца высокая верагоднасць развіцця гэтага расстройства.
Прычынай дэпрэсіі могуць з’яўляцца наступныя фактары: хвароба і смерць блізкага чалавека, страта ранейшага сацыяльнага статуса, фінансавыя страты, няўдачы ў дасягненні жыццёвых мэтаў, міжасобасныя канфлікты і інш. Да дэпрэсіі вядуць толькі тыя жыццёвыя падзеі, якія закранаюць найбольш важныя рэчы ў сістэме жыццёвых каштоўнасцей данага чалавека. Таму, напрыклад, страта работы ці выхад на пенсію для аднаго можа стаць прычынай пакут і дэпрэсіі, а для другога траўмай наогул не з’яўляецца.
Распазнаць гэта захворванне можна па яго праяўленнях. Звычайна адзначаецца зні-жэнне настрою на працягу двух і больш тыдняў. Настрой можа быць прыгнечаным, сумным, суправаджацца трывогай, хваляваннем, раздражняльнасцю, апатыяй, плаксівасцю. Знікаюць ранейшыя інтарэсы і здольнасць атрымліваць задавальненне. Зніжаецца псіхічная і фізічная актыўнасць. Можа назірацца страта энергіі, бадзёрасці, прывычнага тонусу. Акрамя гэтых, дэпрэсію могуць суправаджаць зніжэнне здольнасці да сканцэнтравання ўвагі, рассеянасць; зніжэнне самаацэнкі і ўпэўненасці ў сабе; адчуванне віны і самабічаванне; змрочнае і песімістычнае бачанне будучыні; парушэнні сну (дрэннае засынанне, бяссонніца сярод ночы, ранняе абуджэнне); зніжэнне апетыту, страта вагі.
Практычна не бывае дэпрэсіі, якая не суправаджалася б якімі-небудзь сама-тычнымі расстройствамі (болі і разнастайныя непрыемныя адчуванні ў целе, напрыклад, у сэрцы, страўніку, мышцах), пачашчанае паверхневае дыханне, сэрцабіцце, адчуванне недахопу паветра, патлівасць далоняў, сухасць у роце, мышачнае напружанне і дрыжанне, непрыемныя адчуванні ў жываце, млоснасць, звон у вушах, галавакружэнне, аняменне канечнасцяў, а таксама мітуслівасць і разгубленасць.
Пры такіх сімптомах не трэба баяцца звярнуцца за дапамогай да ўрача-псіхатэрапеўта ці псіхіятра. Не варта сядзець склаўшы рукі – лягчэй не стане. Дэпрэсію і трывогу можна і трэба лячыць.
Асноўныя метады лячэння дэпрэсіі: медыкаментозны (антыдэпрэсанты) і псіхатэрапія. Лепшы эфект дасягаецца, калі гэтыя метады выкарыстоўваюцца адначасова. Неабходнай умовай эфектыўнасці лячэння з’яўляецца супрацоўніцтва з урачом: строгае выкананне прадпісанага рэжыму тэрапіі, рэгулярнасць візітаў да медыка, падрабязны аналіз свайго стану і жыццёвых цяжкасцяў.
Лячэнне можна прайсці і ананімна.
Некалькі парад, як папярэдзіць хваробу.
Не трымайце ў сабе тое, што накапілася і ляжыць мёртвым грузам на душы.
Знаходзьце станоўчыя моманты нават у непрыемных падзеях.
Займіцеся спортам, часцей гуляйце на свежым паветры.
Старайцеся быць памяркоўнымі і цярплівымі да сябе і іншых.
Вызначце межы вашых магчымасцяў, каб не браць на сябе вельмі шмат.
Чытайце, хадзіце ў кіно, на выстаўкі, часцей праводзьце час з сябрамі і блізкімі, слухайце класічную і сучасную музыку.
Старайцеся класціся спаць своечасова, каб добра высыпацца.
Правільна харчуйцеся: больш агародніны і фруктаў, менш тлушчоў, солі і цукру.
І будзьце здаровыя!
Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ,
урач-псіхіятр.