Як Іван і Валянціна Ждановічы «хадзілі ў трыдзясятае царства»

Нядаўна мы даведаліся, што прадстаўніцтва Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі «Дзіва» ў Мінску ўважліва разглядае заяўку ад падарожнікаў, мінскіх журналістаў Івана і Валянціны Ждановічаў. У 1996 годзе яны абышлі пешшу, па перыметры, уздоўж дзяржаўнай мяжы за 120 дзён усю Беларусь. Нашы калегі сцвярджаюць: раней ніхто ў свеце не абышоў гэткім чынам сваю краіну пешшу! Не было чуваць пра падобныя дасягненні і ў апошні час. І таму прапануюць зафіксаваць гэты незвычайны беларускі рэкорд у папулярным выданні. Сваё дасягненне Іван і Валянціна пацвярджаюць шматлікімі фотаздымкамі, зробленымі падчас падарожжа, ксеракопіямі з падарожных дзённікаў — там, побач з нататкамі абодвух журналістаў і вершамі Івана, на многіх старонках стаяць пячаткі, штампы школ, магазінаў, паштовых аддзяленняў і нават пагранзастаў, праз якія праходзілі вандроўнікі на сваім доўгім 2810-кіламетровым шляху.
Якое рашэнне прымуць эксперты — пакажа час. Але ўжо сёння імёны нашага земляка з вёскі Яцкаўшчына Івана Іванавіча Ждановіча і яго жонкі Валянціны Міхайлаўны, якая родам з горада Валчанска Харкаўскай вобласці Украіны, ведаюць многія. У прыватнасці, нядаўна ў інтэрнэце на сайце Міжнароднага агенцтва рэкордаў і дасягненняў (http://marid.ru/pages/record/sport06.html) у раздзеле «Падарожжы» з’явіўся тэкст пра тое, што дасягненне беларускіх журналістаў лічыцца «самым хуткасным у свеце пешаходным абходам сваёй краіны ўздоўж дзяржаўнай мяжы».
Зрэшты, пра ўсё гэта лепш даведвацца, як гаворыцца, з першых вуснаў. Таму мы і звярнуліся да Івана Ждановіча, супрацоўніка газеты «Голас Радзімы» (а яна ўваходзіць у холдынг «СБ-Беларусь сегодня») з просьбай патлумачыць: чаму раптам актывізавалася грамадская ўвага да іх «Хаджэння ў трыдзясятае царства»? Дарэчы, у свой час і «Ляхавіцкі веснік» знаёміў чытачоў з яго падарожнымі нататкамі, вершамі. Але ці не састарэла ўжо, запыталі мы прама, тая падзея 16-гадовай даўнасці?..

— Пачну з апошняга: ці не састарэў рэкорд? А сваё дасягненне мы лічым рэкордам — інакш і не падавалі б заяўку. У гэты — алімпійскі — час будзе да месца нагадаць: рэкорды ўвогуле не старэюць. Рэкорд хіба што можна пабіць — але і тады ён застаецца набыткам гісторыі. Так што, у каго ёсць жаданне і сілы, — калі ласка, мы нават гатовы даваць парады! Дарэчы, калі нямецкі вандроўнік Хорст Кунт у свой час збіраўся пешшу ісці з Германіі ў Мінск, то, ведаючы пра наш досвед, спецыяльна сустракаўся з намі, распытваў, як ды што. Мы, між іншым, раілі яму везці рэчы на калясцы, а ён пераацаніў сілы, цягнуў заплечнік, і ўзніклі праблемы са здароўем. І зусім па-іншаму стаў сябе адчуваць, ужо ідучы па Беларусі з велакаляскай, якую мы дапамаглі яму выбраць. Па-другое, ці гаворым мы чалавеку, што ён састарэў, адзначаючы… яго дзень нараджэння? Калі ў нейкую дату, прамежак часу адбылася важная падзея — яна і помніцца, і адзначаецца многія гады. Скажам, адзначаюцца ж сярэбраныя вяселлі. Ці даты, калі адбылося знаёмства людзей, якія разам ідуць па жыцці. І для нас з Валянцінай «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» — знакавы, у многім пераломны этап у жыцці. Так што, як мне падаецца, можна штогод згадваць: з 15 красавіка па 13 жніўня, за 120 дзён двое людзей, апантаных ідэяй зрабіць для Беларусі своеасаблівы духоўны абярэг-ахову, упершыню зрабілі тое, чаго не рабіў ніхто і ніколі. Ці важна гэта для гісторыі? Якое значэнне мае для нашай беларускай супольнасці? Я не прарок, мне складана заглядваць у будучыню.
— Іван, вы ўжо называеце і дзве даты… І якую ж лічыць «днём нараджэння» вашага дасягнення — калі вы адправіліся ў «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» ці вярнуліся з яго?
— Каб не памыліцца, мы з Валянцінай і сябрамі ўшаноўваем абедзьве даты. Ды і нехта з журналістаў, вось як вы, час ад часу згадвае: а дзе там тыя пешаходы-вандроўнікі? Прапануюць сустрэцца. Пра нас, дарэчы, пісалі і «Комсомольская правда в Белоруссии», і «Семь дней», шэраг публікацый мы самі рыхтавалі для розных выданняў. Апошняя, дарэчы, была ў сёлетнім 6-м нумары часопіса «Маладосць». У лістападзе была працяглая гутарка ў студыі праграмы «Раніца» на СТВ — відэаролік, дарэчы, ёсць у інтэрнэце. А мой сябар па вучобе ў Ленінградскім дзяржуніверсітэце, пісьменнік з Мардовіі Мікалай Галянкоў, неяк тэлефануе радасны: «Іван, я цябе ў фільме пазнаў!» Знайшоў, аказваецца, у «сусветнай павуціне» фільм з серыі «З чаго пачынаецца Радзіма», зняты на СТВ. Увесну, дарэчы, урыўкі з фільма «Дзяржаўная граніца» з нашым удзелам дэманстраваліся і ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Там менавіта нам з Валянцінай выпаў гонар адкрываць цыкл вечарын «Літаратурныя вандроўкі». Як вы ведаеце, у падарожжа аказаўся вялікі літаратурны складнік: я напісаў у ім звыш сотні вершаў, цяпер працую над кнігай. І Валянціна таксама па-мастацку асэнсоўвае падарожныя ўражанні, якія знаходзяць увасабленне ў імпрэсіях, іншых літаратурных формах, журналісцкіх тэкстах. Творчая сустрэча ў музеі ладзілася ў красавіку — гэта былі святочныя Велікодныя дні і, па сутнасці, так мы і адзначалі «паўналецце», 16-годдзе пачатку «Хаджэння…».
— Наконт вашай заяўкі ў Кнігу рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі. Чым хочаце «Дзіва» здзівіць?
— Тое зусім не сакрэт, тым больш для землякоў. Мы назвалі сваё дасягненне так: 120-дзённае бесперапыннае кальцавое пешаходнае вандраванне ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі. Прэтэндуем ні многа ні мала – на рэкорд. Падарожжа, удакладняем, называлася «Хаджэнне ў трыдзясятае царства», мы пачалі яго ў сярэдзіне красавіка ў пасёлку Друя (Браслаўскі раён, Віцебская вобласць) і, прайшоўшы велізарны круг вакол Беларусі, «замкнулі» яго там жа праз 120 дзён, 13 жніўня. Да месца старту ехалі з Мінска цягніком, з заездам у Полацк. Гэта каб пакланіцца святой Ефрасінні Полацкай, папрасіць у яе блаславення ў дарогу. Мы і адчувалі ў вандроўцы яе ахоўную сілу…
Між тым многія вернікі нас зразумеюць. Мы ведаем, напрыклад, што ў Серафіма-Дзівееўскім манастыры ёсць даўняя традыцыя, яшчэ ад самога Серафіма Сароўскага, пасля вячэрняга набажэнства з малітвай абыходзіць Канаўку, адну з галоўных святынь манастыра. І за некалькі гадоў да пачатку нашага «Хаджэння…» мы былі там, разам з манашкамі, іншымі паломнікамі таксама здзяйснялі даўні, на той час яшчэ толькі адноўлены, хвалюючы, сакральны абрад. Дык вось, магу запэўніць, што не выпадкова і само падарожжа наша праходзіла выключна пешшу, і да таго ж ішлі, як кажуць, супраць гадзіннікавай стрэлкі. Былі, вядома ж, пераправы цераз рэкі там, дзе яны заступалі праходжанне маршруту ўздоўж дзяржаўнай мяжы: праз Дняпро і Дзвіну ў лодках, на пароме праз Дзвіну ў расійскім Себежы. Мы праходзілі ў сярэднім 20-25 кіламетраў у дзень: хто сам хадзіў, ведае, якая гэта нялёгкая работа, калі ісці нават налегцы, без рэчаў. У заяўцы мы ўдакладняем, што ў халодны час, на пачатку падарожжа, начавалі ў вясковых школах і ў мясцовых жыхароў, потым у палатцы — і ні разу ў гасцініцах. Нас часам скептычна пытаюць: хто ж мераў, што вы прайшлі за 120 дзён менавіта 2810 кіламетраў? Гэта не мы прыдумалі — такую лічбу зафіксаваў спідометр, усталяваны на калясцы, на якой мы везлі неабходныя для паходнага жыцця рэчы. Працавалі і галовамі: кожны дзень запісвалі ў паходныя дзённікі як паказанні спідометра, так і ўражанні, разважанні, вершы, цікавыя гутаркі з людзьмі. Так што цяпер маем сапраўдны скарб: гэта тры агульныя сшыткі запісаў, каля 500 старонак. Для тых, хто, можа, усумніцца ў «чысціні рэкорду», можам паказаць згадкі аб месцах, у якіх былі, дзясятках населеных пунктаў, праз якія праходзілі. Там і штампы мясцовых Саветаў, школ, аптэк, крам, паштовых аддзяленняў — розных арганізацый, якія мы ставілі падчас падарожжа. Карацей — прыводзім усе аргументы на карысць таго, што рэкорд сапраўды ёсць. А ці прызнаюць яго эксперты? Ёсць надзея.
— Ці згадваеце ў вашай заяўцы ў Кнігу рэкордаў «Дзіва» пра тое, што пра само «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» было ўжо нямала публікацый, што яно праходзіла адкрыта, публічна?
— Так, мы напісалі, што якраз напярэдадні падарожжа, 10 красавіка 1996 года, выйшаў вялікі артыкул у «Настаўніцкай газеце», і калі мы заходзілі ў школы, то многія ўжо ведалі, хто мы і куды ідзем. І на праходжанне ў прыгранічнай зоне атрымалі адпаведныя дазволы пагранічнікаў. Пра «Хаджэнне…» пісалі мясцовыя і ўсебеларускія газеты, ішлі сюжэты ў тэленавінах — калі мы праходзілі праз Гомель. У нас яшчэ былі самаробныя паштоўкі-лісткі з лагатыпам «Хаджэння ў трыдзясятае царства», мы іх шмат каму раздавалі па дарозе. А нядаўна даведаліся: адна такая паштоўка з аўтографам зберагаецца — як арыгінальны экспанат — у школьным музеі ў вёсцы Хадзілоні Шчучынскага раёна. І яшчэ адказ на адно пытанне мы даем у заяўцы: што фінансаваўся наш праект выключна за нашы асабістыя зберажэнні.
— Што ж, будзем спадзявацца, што «Дзіва» вы ўсё ж здзівіце. Віншую вас з Валянцінай з 16-годдзем «Хаджэння…»!
— Дзякуй за віншаванні. А калі нам такі ўдасца стаць рэкардсменамі, атрымаць адпаведны дыплом ці пасведчанне — абяцаем: чытачы «Ляхавіцкага весніка» даведаюцца пра тое ў ліку першых.
Гутарку вёў Рыгор Арэшка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *