Куды знік хлопчык?

У маі хочацца больш, чым калі-небудзь, чытаць вершы. Ну вельмі спалучаецца апафеоз вясны, перадлецце з лірыкай. Першая ўспышка бэзу – о, якая шэдэўральная гарчынка ў непаўторнай свежай духмянасці гэтага вернага рыцара апошняга месяца вясны. А каштаны, з імі ў светласці і пяшчоце могуць паспрачацца хіба што лясныя ландышы ды спакуслівы язмін… І птушкі спяваюць, і прырода шэпча…
Прыгажосць выратуе свет, сцвярджаў класік. Ці выратуе свет прыгажосць? – Задаём пытанне, калі ў майскі накцюрн, быццам пяском па шкле, урываюцца гукі бязладдзя – аж мурашкі па скуры… Вось і ў акалічнасці, пра якую пойдзе гаворка, чуецца агідна брыдкая «размова» шкла і пяску. Зусім нядаўна на дарожных пераходах ля гарадскіх школ камунальнікі паставілі макеты дзіцячых постацяў – задорных хлопчыкаў і дзяўчынак. Для таго, каб яшчэ больш акцэнтаваць увагу вадзіцеляў транспартных сродкаў, што яны рухаюцца па асаблівых участках, дзе шматлікія і галоўныя пешаходы – дзеці. Дзеля бяспекі ўсё гэта зроблена. Выдатная і патрэбная справа. Толькі вось працяг у яе аказаўся абсурдным. Недзе знік «хлопчык», які «дзяжурыў» ля зебры напрыканцы вуліцы Леніна. Сумная доля і ў яго таварыша, што стаяў на вуліцы Камсамольскай ля дзіцячага садка № 1. У абодвух выпадках пастараліся чыесьці рукі, якія яўна не сябруюць з уласнай галавой.
Такая хуліганская выхадка называецца вандалізмам. Бессэнсоўная прага разбураць – употай, каб ніхто не бачыў, не злавіў за ганебным заняткам, сведчыць: усведамленне шкодніцтва (а хочацца сказаць – злачынства) усё ж прысутнічае ў тых, хто гэта ўчыніў.
Яшчэ адзін прыклад у тэму, пра які з болем расказалі жылкамунгасаўцы. У прыгожым аздабленні набярэжнай ракі Ведзьма – у «Я люблю Ляхавічы», дзе ахвотна фатаграфуюцца і моладзь, і больш сталыя людзі, чыясьці бязлітасная сіла прадзіравіла сэрца, якое азначае «люблю». Навошта?! Каму ад гэтага лепш?! Што за выклік – труслівы, бязглузды, апусташальны?!
Камунальнікі папрацавалі «кардыёхірургамі» і рану ў сэрцы кампазіцыі зацыравалі. Толькі літаральна на другі дзень выявілі новыя пашкоджанні…
Добраўпарадкаванне каштуе і грошай, і душэўных сіл, і фізічных намаганняў. Яно немагчыма без жадання ўдасканальваць, дадаваць камфорту, утульнасці, прыгажосці. Многія нашы землякі займаюцца гэтым не толькі па службовых абавязках, але і па сардэчным закліку. Аднак у кожным правіле бываюць выключэнні, на жаль, – і ў гэтым. Колькі можна заклікаць да сумлення, да свядомасці, агітаваць за даказанае-перадаказанае? Відавочна адно: ёсць пралікі ў выхаванні, і пралікі гэтыя ўвасабляюцца спачатку ў дробнае паскудства, а потым, не выключана, падрастуць да шкодніцтва ў іншых памерах.
З пастаянствам, дастойным іншага прымянення, дзікуны псуюць агароджы (нядаўна давялося зноў жа камунальнікам рамантаваць такую на вул. Леніна), выварочваюць то «ландыш»-ліхтар, то лавачку, бязлітасна распраўляюцца з высаджанымі дрэўцамі, для ўласных патрэб могуць выкапаць гарадскія туі, здольны падпаліць стацыянарную дызайнерскую ілюмінацыю… Такія антыгероі жывуць сярод нас, ходзяць па вуліцах, маюць сяброў, пра штосьці мараць. Пра што марыць прадстаўнік гома сапіенс, які зусім не сапіенс? Агідна, сорамна і сумна. Але так хочацца дастукацца да іх сумлення, каб не было паўтарэння, працягу бязглуздай агрэсіі, уседазволенасці, разбуральнасці. Каб чалавек заўсёды заставаўся чалавекам.
Вольга БАРАДЗІНА.

P.S. Напачатку красавіка ў «ЛВ» быў надрукаваны артыкул «Містар Ікс і яблычны мікс». Нейкі гаспадар выгрузіў-выкінуў згніўшыя яблыкі на з’ездзе паблізу вуліцы Працоўнай у райцэнтры. Як паведаміў у рэагаванні на гэту публікацыю галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч, «праведзена абследаванне ўказанай тэрыторыі. Устаноўлена, што на момант праверкі даны ўчастак быў прыбраны, там наведзе-ны парадак. Інспекцыя мяркуе, што асоба, якая дапусціла ўчынены беспарадак, пазнаёміўшыся са зместам артыкула, адразу прыняла меры па выпраўленні сітуацыі». Прыемна, што «містар Ікс» пачуў, пазнаў сябе і адэкватна ўспрыняў крытыку – зрабіў работу над памылкай.