Вясна. Перайшлі на траўку

Размова пра буйную рагатую жывёлу, для якой пачаўся перыяд пашавай вольніцы. Асобныя з гуртоў сельгаспрадпрыемстваў першую траву пакаштавалі яшчэ напрыканцы красавіка. Сярод такіх значыцца, напрыклад, дзяржпрадпрыемства «Нача».
На канец першай дэкады мая гаспадаркі завяршылі стойлавы і адкрылі пашавы сезон утрымання жывёлы. Праўда, у асобных сельгаспрадпрыемстваў раёна на гэты рахунак свой расклад. ЗАТ «Белпрампрыбор» і КСУП «Востраў-Агра» не пачалі і ў бягучым сезоне выпас сваіх малочных статкаў не плануюць, палічыўшы за лепшае круглагадовае стойлавае ўтрыманне. У іншых гаспадарак падыход да пытання больш дыферэнцыраваны: частка кароў і цялушак адпраўлена або будзе адпраўлена нагульваць малако-прывагі на падножным корме, частка застанецца ў стойлах. І гэта можна лічыць адметнасцю сезона.
Адна з лепшых, а па лініі прадукцыйнасці жывёлагадоўлі бадай самая-самая гаспадарка раёна – СВК «Ляхавіцкі» – ад пашы не адмовілася: зялёныя ўгоддзі падрыхтаваны для ўсіх кароў і прыкладна трэцяй часткі цялушак.
– Пакуль выганяем усяго на некалькі гадзін, больш для прагулкі, у якасці мацыёну. Але па нарастанні, з паступовай прыбаўкай па часе. З такім разлікам, каб да сярэдзіны мая паўнацэнна ўключыцца ў пашавы сезон, – адзначыў намеснік старшыні гаспадаркі Уладзімір Ксёнжык. Што датычыць травастою, то нават ва ўмовах недахопу вільгаці ён знаходзіцца ў дастаткова добрым стане – атрымаў своечасовую і поўную мінеральную падкормку.
Акрамя «Ляхавіцкага», у загоне на вясну-лета-восень не застанецца ні адна з кароў ААТ «Жарабковічы». У астатніх па-рознаму: «Шлях новы», па даных райсельгасхарчу, пакіне ў стойлах амаль 40 працэнтаў сваіх рагуль, райаграсэрвіс – ці не палову ад агульнай колькасці. У ДП «Нача» на прывязі застанецца
14 працэнтаў буронак, у КСУП «Ліпнянка» – прыкладна дзясятая частка.
У сельскагаспадарчых прадпрыемствах Ляхавіччыны працуе 27 малочнатаварных фермаў. З іх 9 – у «Жарабковічах». У «Шляху новым» – 6, хоць колькасць жывёлы там адчувальна большая, чым у папярэдняй гаспадарцы. У «Ляхавіцкім», «Начы», райаграсэрвісе –
па 3 МТФ, «Белпрампрыборы», «Ліпнянцы» і «Востраве-Агра» – па адной малочнай фабрыцы. Па стане на пачатак красавіка, раённы дойны статак налічваў 10632 каровы.
Іван КАВАЛЕНКА