Паўстагоддзя на біс. Народнаму духавому аркестру ГДК г.Ляхавічы – пяцьдзясят /фота new/

Народны духавы аркестр – мая музычная біяграфія. Вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі нашы лёсы цесна пераплятаюцца, аб’ядноўвае іх любоў да мастацтва.
Усё пачыналася больш за паўстагоддзя назад. На базе раённага Дома культуры было вырашана стварыць калектыў духавой музыкі, у склад якога ўвайшлі ў асноўным… вадзіцелі. Першым мастацкім кіраўніком даверылі стаць Віктару Шафету. А ў 1969 годзе ўжо ў музычнай школе арганізавалі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Вячаслава Карпіка, удзельнікамі сталі выкладчыкі і лепшыя вучні.
Рэпертуар калектыву папаўняўся, без удзелу яго не ладзіўся ніводны канцэрт у Ляхавічах. Расло майстэрства выканаўцаў, і прызнанне не прымусіла сябе чакаць. У 1975 годзе на рэспубліканскім свяце духавой музыкі ў Мінску Ляхавіцкі духавы аркестр заняў першае месца. Гэтай перамозе папярэднічала яшчэ адна – у абласным аглядзе-конкурсе духавой музыкі.
У 1977 годзе аркестр удзельнічаў у праграме на цэнтральным тэлебачанні. А падчас Усесаюзнага тыдня музыкі меў магчымасць папрацаваць на студыі грамзапісу «Шабалаўка».
Новая вяха ў творчай біяграфіі калектыву – атрыманне звання «народны». Такога гонару ён удастоены пад кіраўніцтвам музыканта-прафесіянала, выдатнага аранжыроўшчыка Юрыя Лебедзева.
Запрашэнні на гастролі паступалі адно за адным. І паўсюдна чакалі поспех і апладысменты. На фестывалі народнай творчасці на ВДНГ у Маскве у 1979 годзе ляхавіцкі аркестр адзіны з нашай рэспублікі адстойваў музычны гонар БССР! Як жа тады рыхтаваліся: тэрмінова шылі новыя касцюмы, штодзённа нястомна рэпеціравалі. Народны духавы аркестр горада Ляхавічы заняў першае месца ў сваёй намінацыі сярод непрафесійных калектываў усяго неабсяжнага Савецкага Саюза!
Прыкладна ў гэты час пачаўся і мой шлях у музыцы і ў калектыве. На вуліцы Савецкай недалёка ад дома, дзе жыла наша сям’я, гулялі вяселле. Танчылі на вуліцы каля хаты. Музыканты Віктар Русін і Віктар Шафета ўбачылі, як я, малы, адстукваў нагой у рытм баяна і духавых (асноўных інструментаў на вяселлі), паклікалі да сябе і прапанавалі паўтарыць тое, што сыгралі. Паўтарыў. Так трапіў у аркестр. І вось ужо 36 гадоў з гонарам гавару: я – частка выдатнага творчага калектыву.
Васілій Прадун, Сяргей Мікуліч, Віктар Юхнель – кожны з кіраўнікоў уносіў нешта сваё, непаўторнае ў аркестр. Цяпер іх эстафету творчасці падхапіў Анатолій Дрозд.
У красавіку народны духавы аркестр на сцэне ГДК урачыста адзначыў юбілей – нам пяцьдзясят. Гэта час росквіту, падвядзення вынікаў і мноства планаў, галоўны з якіх – дарыць цудоўны свет мастацтва людзям.
Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Фота з архіва метадычнага цэнтра.