Сонечны колер рапсавага поля

Прырода робіць стаўку на зялёнае. Але на фінішным адрэзку вясны навокал вельмі і вельмі шмат сонечнага – яркага, сакавіта-глыбокага і месцамі бяскрайняга, да самага гарызонту. Такімі месцамі з’яўляюцца пасевы азімага рапсу. 


Першыя штрыхі ў будучую карціну пад назвай «жоўтае ззянне» аграрыі паклалі напрыканцы мінулага лета. Своечасовая сяўба значыць надзвычай шмат, як і чарада наступных клопатаў па доглядзе палеткаў.
Калі абагульніць усе раённыя пасевы азімага рапсу, атрымаецца салідны, плошчай прыкладна ў 2,3 тысячы гектараў палетак. Найбольшы клін азімага рапсу – 750 гектараў – «прапісаўся» ў ААТ «Жарабковічы». Заканамерна, у тым ліку і з-за наяўнасці ў гаспадарцы невялікага, але ўласнага заводзіка па перапрацоўцы насення рапсу ў алей. Наступныя па велічыні пасяўныя плошчы ў ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ЗАТ «Белпрампрыбор».
У рапсавай квецені надзвычай нядоўгі век. Спяшайцеся бачыць!
Іван КАВАЛЕНКА.