На палях Ляхавіччыны і ўборачная, і пасяўная

Па восеньскім раскладзе кіпіць работа на палях сельгаспрадпрыемстваў. Закончана жніво зерневых і зернебабовых культур, і цяпер усе старанні накіраваны на тое, каб як мага хутчэй убраць крупяныя — грэчку і проса, а механізатараў заняць на іншых работах. Па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, пакуль што ўбрана 55,8 працэнта пасеваў грэчкі, і асабліва паспяшацца трэба СВК «Тальмінавічы», «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ДП «Нача». Толькі 7,3 працэнта абмалочана проса.Сёння цяжка вызначыць, якая з работ найбольш важная і якую трэба выконваць у першую чаргу. Час рыхтаваць глебу і сеяць азімыя, але на палях многіх гаспадарак яшчэ не ўбрана салома. Павысіць тэмпы работ неабходна СВК «Тальмінавічы», ДП «Нача», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Пакуль што пасеяна 504 гектары азімых — 5,6 працэнта. Яшчэ зусім не распачыналі гэтай работы ў СВК «Канюхі», «Востраў-Агра», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ЗТАА «БелДан».
Куды ні кінься — работа ўся тэрміновая. Неўзабаве пачнецца масавая ўборка бульбы. А пакуль важны этап — падрыхтоўка: трэба збіць бацвінне, выпрабаваць тэхніку, арганізаваць людзей. А СВК «Ляхавіцкі», у якога найбольшыя бульбяныя плантацыі, ужо распачаў уборку клубняў.
З 1 верасня пачалася адпраўка на перапрацоўку цукровых буракоў: раёну патрэбна паставіць ранняй восенню 12 тысяч тон караняплодаў. Пакуль што пачалі капаць салодкія карэнні ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», на чарзе — СВК «Шлях новы».
Ніяк нельга палічыць другараднай справай уборку льну. Тым больш, што рабоце спрыяе добрае надвор’е: працуюць прэспадборшчыкі, цюкі трасты звозяцца на льнозавод. Вельмі стараюцца заводскія механізатары, якім належыць убраць і свае льняныя плантацыі — 1191 гектар, і дапамагчы льнаводчым гаспадаркам раёна. Запрасавана пакуль 30,5 працэнта льну.
Падаспела і яшчэ адна работа — уборка кукурузы на сілас. Марудзіць нельга, асабліва тым сельгаспрадпрыемствам, у якіх пасеяны вялікія плошчы гэтай культуры: СВК «Жарабковічы», «Ліпнянка», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ЗАТ «Белпрампрыбор» і іншым. Дарэчы, СВК «Ляхавіцкі», «Дарава» ўжо распачалі нарыхтоўку сіласу. Значыць, прыйшоў час. Як зазначае Мікалай Каплыноў, трэба трымаць арыенцір іменна на СВК «Ляхавіцкі», бо ў гэтым сельгаскааператыве ўсё ідзе па плану.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *