Усё ў парадку ці не? Планёрка ў райвыканкаме

Калі ў гаспадарцы парадак, ён не толькі ў дакументах, каштарысах, графіках і справаздачах – у першую чаргу, на тэрыторыях мехмайстэрняў, малочнатаварных фермаў, складоў…
Чарговай тэмай разгляду на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама стаў стан добраўпарадкавання тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета, на якой часткова размясціліся райаграсэрвіс і ААТ «Шлях новы».

Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка запэўніў, што многія праблемныя зоны, якія выявіла ў час рэйду прыродаахоўная служба раёна ў вёсках сельсавета, ужо прыведзены ў прымальны выгляд, над іншымі яшчэ вядзецца работа.
Дарэчы, многія факты бязладдзя, зафіксаваныя ў фотакадрах і прадэманстраваныя падчас нарады, можна выправіць без фінансавых укладанняў. Дастаткова быць дбайным і ўважлівым гаспадаром. І тады не будзе куч старой плёнкі каля сіласных траншэй або рэшткаў будаўнічых матэрыялаў каля майстэрняў. Дзейснай увагі патрабуе дэмантаж будынкаў, якія даўно не эксплуатуюцца.
На жаль, не заўсёды людзі ўсведамляюць, што камфорт і парадак – справа агульная. Пра гэта сведчаць стыхійныя сметнікі і іншыя факты безгаспадарчасці. Калі растлумачальная работа з насельніцтвам не дае вынікаў, да парушальнікаў трэба прымяняць меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў занепакоены нездавальняючым станам парадку на многіх аб’ектах ААТ «Шлях новы» і нерэагаваннем кіраўніцтва на прадпісанні і заўвагі санітарнай службы. Нават каля канторы таварыства завалы драўняных адходаў, якія засталіся ад ацяпляльнага сезона…
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі акцэнтаваў увагу на асабістай адказнасці за парадак: гэта датычыць усіх і кожнага. Дарэчы, кіраўнік раёна ўказаў на красамоўны факт у тэму – металалом, які загрувашчвае тэрыторыю ЗСК. А месца яго – у прыёмным пункце другаснай сыравіны. Да таго ж грошы гаспадарка атрымала б.
Неабходна сур’ёзна папрацаваць і над уключэннем у севазварот пустуючых участкаў.
Маргарыта КУХТА.