Гэты класічны Куркач. 18 мая — Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Не дзеля прыгожага слова – дзеля ісціны зазначу: класіка ляхавіцкага спорту – шматвопытныя, загартаваныя салідным стажам і любоўю, у абавязковым парадку апантанасцю стадыёнамі і спартзаламі, бегавымі дарожкамі і рынгам, татамі і гімнастычнымі прыладамі, – трэнеры, выкладчыкі фізкультуры і проста заўзятыя прыхільнікі здаровага ладу жыцця.
Вольга Краўчанка, Станіслаў Жагунь, Юрый Кіслы, Юрый Мяжуеў, Анатолій Малевіч, Жанна і Віктар Зенчанкі… ну проста немагчыма назваць усіх з гэтага бадзёрага спіса. Хаця немагчыма не ўзгадаць ці не першую ў спартыўным рэйтынгу ветэранаў асобу – Андрэя Куркача. Ён і сёння ў страі. І ніколькі не паменшала ягонае захапленне справай, якой прысвяціў усё сваё жыццё. Трэнер, педагог, у свой час кіраўнік камітэта фізкультуры і спорту райвыканкама.
Андрэй Барысавіч не збаўляе скорасці, не губляе загартоўкі і напорыстасці, калі гаворка пра развіццё і прапаганду спорту. Цяпер вось заклапочаны тым, каб у Ляхавічах з’явіўся плавальны басейн. Шмат робіць для таго, каб ніводная старонка спартыўнай гісторыі раёна і яе дзеючыя асобы не былі забыты, не засталіся незаўважанымі. А гісторыя гэта багатая, у ёй шмат гучных імёнаў, прыгожых лёсаў, імклівых перамог, яркіх зорак, запаленых нашымі землякамі на спартыўным небасхіле ў розныя часы. На старонках «ЛВ» перыядычна з’яўляюцца абноўленыя Куркачом табліцы мясцовых рэкордаў.
Ягоная загартоўка і сёння відавочная. Дарэчы, Андрэй Барысавіч даволі рана пацвердзіў сваё прафесійнае майстэрства, пра што сведчыць ганаровае званне «Заслужаны трэнер БССР па лёгкай атлетыцы». Менавіта зусім нялёгкая лёгкая атлетыка заўсёды займала і займае ў ягоным сэрцы асаблівае месца. Наогул жа, нелюбімых відаў спорту ў Андрэя Барысавіча няма. Пры ім ляхавіцкі гандбол гучаў на ўсю Брэстчыну, баскетбольная каманда была вядомай, пры ім будаваліся спартпляцоўкі, ладзіліся шматлікія турніры… – ужо тады, у ягоных далёкіх 60-х да 2000-ых. Ён і сёння на сваёй любімай спартыўнай дыстанцыі –  актыўна жыццёвай.
Вольга СВЯТЛОВА.