Эфект цяпла. На чарговым пасяджэнні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта разглядаліся вынікі мінулага ацяпляльнага сезона

Што канкрэтна зроблена па пераводзе кацельняў на аўтаматычны рэжым, наколькі эфектыўныя мерапрыемствы па змяншэнні страт у цеплазабеспячэнні, на якой стадыі падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона – гэтыя і іншыя пытанні адрасаваліся намесніку старшыні райвыканкама Андрэю Ляшчэні і кіраўніку КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэю Чайкоўскаму на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе разглядаліся вынікі мінулага ацяпляльнага сезона і былі акрэслены задачы па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны да наступнага.

Дзейнасць камунгаса ў гэтым пытанні прызнана здавальняючай. Усе планавыя работы праведзены своечасова, водпуск цеплавой энергіі ажыццяўляўся ў адпаведнасці з зацверджанымі тэмпературнымі графікамі, не дапушчана надзвычайных здарэнняў на аб’ектах жыццезабеспячэння і транспарце, працяглых перабояў электра-, цепла- і водазабеспячэння. Тым не менш, працаваць ёсць над чым.

Дырэктар ЖКГ расказаў, што сёлета будзе пераведзена на аўтаматычны рэжым кацельня ў Пранчаках, пасля замены абсталявання – у Задвор’і. Пяць рэзервовых катлоў будуць адрамантаваны і закуплены яшчэ адзін новы. Плануецца капітальны рамонт асноўных катлоў у кацельнях Тальмінавічаў, Вострава, Начы, Ліпска, Галаўнінцаў і Крывошына.
Адна з галоўных задач ацяпляльнага сезона – змяншэнне страт цеплавой энергіі. На першы квартал гэтага года яны зацверджаны ў памеры 10 працэнтаў, фактычна склалі 9,3 працэнта. Зніжэнню страт, па разліках мясцовых камунальнікаў, паспрыяе ў тым ліку і аснашчэнне індывідуальных цеплавых пунктаў сістэмамі рэгулявання цяпла ў жылых дамах № 3 па завулку Южакова, № 9 – па вуліцы Гагарына і № 52 – па вуліцы Леніна.
Што датычыць рамонту цепласетак, то летась яны заменены з выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб на 4,9 кіламетра. Сёлета ў планах адрамантаваць іх на працягласці 4,2 кіламетра, прычым 1,2 з іх – ужо ў рабоце.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі засяродзіў увагу адказных службаў, у прыватнасці, работнікаў раёна газазабеспячэння і камунальнікаў, на асаблівым кантролі за тэхнічным станам дымавых і вентыляцыйных каналаў у шматкватэрных дамах. Паверку, а дзе патрабуецца і рамонт абсталявання неабходна завяршыць да 1 кастрычніка. Дарэчы, па стане на 1 студзеня 2019 года правераны 1697 дымавых і вентыляцыйных каналаў у 64 дамах.
Востра стаіць пытанне нарыхтоўкі мясцовых відаў паліва: стварыць запас у 7000 кубаметраў дроў і 200 тон торфабрыкету. 80 працэнтаў МВП трэба нарыхтаваць да 1 верасня.
Шэраг задач пастаўлены перад раёнам электрасетак. У цэлым мінулы ацяпляльны сезон для гэтай службы прайшоў без сур’ёзных інцыдэнтаў (адбылося ўсяго чатыры адключэнні электрычных ліній). Праблемай падчас аварыйных адключэнняў застаецца адсутнасць у РЭС (як і па ўсім РУП «Брэстэнерга») сродкаў тэлемеханізацыі і тэлекіравання. Каб высветліць прычыну збою, аператыўнай службе неабходна выехаць непасрэдна на падстанцыю для агляду абсталявання. А з-за таго, што некаторыя падстанцыі знаходзяцца далёка ад райцэнтра, высвятленне абставін зацягваецца.
Рашэннем райвыканкама створана раённая аператыўная група па каардынацыі падрыхтоўчых і прафілактычных рамонтных работ, стварэнні неабходных запасаў паліва, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня.
Да 16 верасня ўпраўленні і аддзелы райвыканкама, арганізацыі і прадпрыемствы павінны поўнасцю падрыхтавацца да ацяпляльнага сезона.
У параўнанні з папярэднімі гадамі на тыдзень раней неабходна падпісаць пашпарты гатоўнасці аб’ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд: кантрольны час – 23 верасня.
Аляксандр Камінскі запатрабаваў да падпісання пашпартоў падыходзіць без фармалізму. А вінаватыя ў фармалізме службовыя асобы павінны несці персанальную адказнасць за дапушчаныя недапрацоўкі ў гэтым важнейшым накірунку.

Галіна КАНЬКО.